Сумленна працуе на ферме «Зорка» ААТ «Ельня-Агра» Святлана Антонкіна

Сельское хозяйство

На малочнатаварнай ферме «Зорка» ААТ «Ельня-Агра» ўтрымліваецца 1150 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх дойны статак складае 335 кароў.

— За мінулы месяц мы змаглі атрымаць 98 тон малака, у сярэднім за суткі надойваем тры з паловай тоны, — кажа загадчык МТФ Уладзімір Пажарскі. — Усяго тут працуюць 20 чалавек. Напэўна, як і іншыя сельгаспрадпрыемствы, так і мы востра адчуваем дэфіцыт кадраў. Асабліва гэта праблема тычыцца аператараў машыннага даення. На сённяшні дзень на МТФ працуюць сем даярак, на жаль, няма падменных. Тым не менш, стараемся працаваць на станоўчы вынік. Напрыклад, аператар машыннага даення Святлана Антонкіна за мінулы месяц заняла трэцяе месца ў раёне па колькасці надоенага малака.

— У маім гурце ўтрымліваюцца 62 каровы, на сенняшні дзень дояцца 43 галавы, — кажа жанчына. — За лістапад валавы надой склаў 19 тон 400 кілаграмаў малака, у сярэднім ад адной рагулі я атрымала 341 кілаграм гэтага каштоўнага прадукту харчавання. Даяркай я працую больш за трыццаць год, дасканала ведаю сваю справу. Стараюся выконваць свае абавязкі бездакорна, бо за якасць надоенага ад кароў малака атрымліваем даплату да асноўнага заробку, а ён, дарэчы, у нас, жывёлаводаў, дастойны. Ранішняе даенне пачынаецца ў 6 гадзін і заканчваецца ў 10. Увечары працуем з 18 да 21 гадзіны. Акрамя даення разносім па сваіх гуртах канцэнтраты, на подсціл рассыпаем апілкі. Безумоўна, праца не з лёгкіх. Шкада, што ў нас не хапае аператараў машыннага даення. Але, нягледзячы на гэта, на лёс свой не скардзімся, бо працы лёгкай не бывае.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.