
Жыве чалавек у вёсцы. Многія не задумаюцца аб тым, чаму населены пункт носіць такую назву, якое яго гістарычнае мінулае. Больш цікаўныя звяртаюцца да гісторыкаў, энцыклапедый, каб даведацца аб сваёй мінуўшчыне, бацькаўшчыне.
Аб гісторыі вёскі Радзюкі нам паведаміла яе жыхарка, мясцовая паэтка, сябра народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Людміла Іосіфаўна Ардынская.
Шаша Глыбокае—Шаркаўшчына—Браслаў пралягае праз аграгарадок Радзюкі, што ў шасці кіламетрах ад раённага цэнтра Шаркаўшчына. Штодня імчаць па аўтадарозе дзясяткі грузавых і легкавых аўтамашын. Перавозяцца грузы ў Прыбалтыку, на Браслаўскія азёры едуць турысты, вяртаюцца дадому госці-прыбалты. Радзюкі за лічаныя хвіліны застаюцца ззаду. Чаму ў населенага пункта такая назва, якое яго гістарычнае мінулае?


Вёска Радзюкі размешчана ў маляўнічых мясцінах — сучасны аграгарадок дагледжаны, добраўпарадкаваны, патанае ў зеляніне, а сядзібы — у кветках. Менавіта тут, з правага боку шашы, на ўзбярэжжы ракі Бярозаўка, калісьці стаяў маёнтак паноў Бароўскіх, якія належылі да знакамітага шляхецкага роду і мелі ўласны герб “Ястрабец”. Па сцвярджэнні глыбоцкага краязнаўца Уладзіміра Скрабатуна, “гісторыю Радзюкоў можна вывесці з 17 стагоддзя”. Старэйшы прадстаўнік роду Антон Бароўскі ў 1825 годзе набыў маёнтак у графа Брзастоўскіх (Brzostowkich) з вядомага цяпер Мосара, што на Глыбоччыне.
Радзінная спадчына паноў Бароўскіх вельмі багатая духоўна і матэрыяльна. Сярод слынных ураджэнцаў Радзюкоў — вайскоўцы вышэйшых чыноў, флоцкія інжынеры-вынаходцы, знакамітыя навукоўцы. Паколькі паўночна-заходні край сучаснай Беларусі ў пэўныя часы ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, потым Польшчы, то лёсы гэтых людзей залежылі ад таго, на службе якой улады яны знаходзіліся.
Эдвард Бароўскі (1818—1897 г.г.) быў палкоўнікам Расійскай Арміі. Пад час крымскай вайны (1853—1856 г.г.) быў адзначаны за абарону Севастопаля, атрымаў ясеневую ляску са срэбнай галавой з інкрустацыямі царскага дазволу. Яго сын Гжэгаж Бароўскі (1856—1918 г.г.) ураджэнец Радзюкоў, інжынер-механік, палкоўнік Расійскай Арміі, здзейсніў падарожжа вакол свету пад ветразямі на вучэбным караблі. Скончыў Марское ваенна-інжынернае вучылішча ў Кранштаце, вучыўся ў Францыі і Англіі ў сферы пабудовы караблёў. Працаваў на верфях Севастопаля і Нікалаева. Удасканаліў распрацоўкі ў галіне паравых катлоў. Не парываў сувязі з малой радзімай — расшыраў маёнтак, удасканальваў сельскую гаспадарку, пабудаваў вадзяны млын (ён і цяпер існуе). Яго стараннямі з’явілася першая брукаванка заміж драўлянага насцілу каля капліцы Маці Божай Вострабрамскай у Вільні. Памёр у Пецярбургу.
Севярын Бароўскі, таксама ўраджэнец Радзюкоў, брат Гжэгажа, быў інжынерам-механікам. Атрымаў чын генерала. Пад час расійска-японскай вайны, у бітве пад Цусімай, бачачы непазбежнасць капітуляцыі, адмовіўся ад выратавання і затапіў браняносец “Сысой Вялікі”. Уратавалі яго ад смерці японцы, узяўшы ў палон. Пасля вайны працаваў дзяржаўным кантралёрам пры будаўніцтве караблёў. Памёр у 1935 годзе ў маёнтку жонкі ў Браслаўскім павеце.
Апошні ўладальнік маёнтка Радзюкоў — Вацлаў Бароўскі (1888—1961 г.г.), прафесар, педагог Віленскага ўніверсітэта. У дзень яго нараджэння каля маёнтка быў пасаджаны дуб. Высокі, магутны, разгалісты, 125-гадовы волат і цяпер расце на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства імя Маркава.
Вацлаў Бароўскі і яго жонка Браніслава, таксама педагог, з роду Грабоўскіх, прыязджалі ў маёнтак з Вільні толькі на летнія канікулы. У 1930 годзе, згодна “Даведніка Дзісненскага павету” ў маёнтку налічвалася 153 дзесяціны зямлі, лес, 48 чалавек ( арандатары, запашнікі, парабкі, млынары). Маёнткам кіраваў аканом, зямля здавалася ў арэнду. Сям’я гаспадароў адпачывала ў сапраўды райскім куточку. Вялікі сямігектарны сад, разбіты папярэднімі ўладальнікамі, аранжарэі, экзатычныя расліны, кветкі, паркавыя алеі з бяроз, ліп, сосен, прысады з ляшчыны, бэзу, язміну. Побач срэбнай стужкай уецца рака Бярозаўка. З пакояў даносяцца гукі паланэза, мазуркі. Па запрашэнню госці з задавальненнем едуць у Рай Дзюкі. Такой версіі назвы Радзюкоў прытрымліваюцца прадаўжальнікі роду Бароўскіх, якія жывуць у Гданьску ў Польшчы. Можа зберагаюць легенду, згодна з якой Дзюка — ад жаночага імя Ядзюнька, Радзюнька?
Усе тры сыны гаспадароў Вацлава і Браніславы Бароўскіх сталі высокаадукаванымі людзьмі, прадаўжальнікамі роду, але на польскай зямлі. І толькі аднаму з іх — прафесару біяхіміі Эдварду Бароўскаму было суджана вярнуцца на малую радзіму праз 70 год.
Падзеі 1939 года (у той час Эдварду было 14 год) кардынальна змянілі далейшы лёс гаспадароў маёнтка і простых людзей. У маёнтку была адчынена хата-чытальня і клуб. Пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак разабралі і кудысьці перавезлі, а гаспадарчыя пабудовы (свірны, хлявы, каморы) выкарыстоўваліся
створаным калгасам, які затым рэарганізавалі ў саўгас. На месцы маёнтка пабудавалі саўгасную кантору, побач узвялі помнік загінуўшым воінам-землякам. На тэрыторыі былой сядзібы Бароўскіх вырас гандлёвы цэнтр, двухпавярховыя будынкі сельскага Савета і пошты, ФАПа і стацыянарнага аддзялення райбальніцы. Затым вёска разбудоўвалася ўздоўж і ўшыркі.
У гады адраджэння вёсак у пачатку 21 стагоддзя па Дзяржаўнай праграме, калі Радзюкі атрымалі статус аграгарадка, змяніўся інтэр’ер і дызайн інфраструктуры. У гістарычнае месца пераехала бібліятэка, сельскі Дом культуры. На месцы старага сада адбудавалася вуліца з назвай Садовая. А чаму б не назваць адну з вуліц у імя Бароўскіх, у гонар людзей, якія тут нарадзіліся і пакінулі адметны след у гісторыі, якімі радзюкоўцы павінны ганарыцца? Магчыма, не было б сучасных Радзюкоў, каб не стаяў на ўзбярэжжы Бярозаўкі маёнтак, ураджэнцы якога падтрымлівалі гонар роднай зямлі, пранеслі праз жыццё годнасць свайго роду і захавалі памяць аб Бацькаўшчыне і любоў да яе. Нам не трэба забываць аб гэтым.
Высока ў неба ўздымаюцца вершаліны старых бяроз, сосен, бліжэй да былога маёнтка — ліп. Гэта рэшткі былых паркавых алей. Захавалася частка сада, ён густы і цёмны, таму завуць яго “дзікім”. Берагі Бярозаўкі зараслі вольхамі, вербамі, ляшчынай, ажынай. У 2009 годзе 84-гадовы прафесар біяхіміі Эдвард Бароўскі з Гданьска, (працуе ў галіне фармацыі і мае больш за 70 патэнтаў за вынаходніцтвы) прыязджаў са сваімі роднымі ў Радзюкі. Ён выкапаў саджанец ляшчыны на памяць аб роднай зямлі і павёз з сабою. У час знаходжання тут ён сустрэўся з дачкой тагачаснага млынара Надзеяй Лазовік. Завязалася сяброўства з ёй і яе сям’ёй, якое працягваецца і па сённяшні дзень. Шкада, што толькі ў такім паважаным узросце, людзі ўспомнілі пра свае карані. А чаму не можна было наведацца раней? Бо жыццё няўмольна бяжыць і што ўпушчана, навярстаць немагчыма.

Для сям’і былых уладальнікаў і для радзюкоўцаў, якія пабудавалі сучасныя Радзюкі, зямля гэта адзіная і родная, бацькоўская, а мясціны знітаваныя з душою.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
