Па традыцыі ў час навагодніх святаў аматараў прыгожага запрасіла палюбавацца рукатворным хараством выстава «Калядная кветка», якая адкрылася ў раённым Цэнтры рамёстваў.
Распачалі яе, прывітаўшы прысутных гасцей, дырэктар установы культуры Вікторыя Дубоўская і кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў Святлана Заіка.
— Жыццё такое, што часам бывае няўтульна на вуліцы, у кватэры, ды нават ва ўласнай душы. Але ў нашых сілах зрабіць так, каб навокал стала прыгожа, а ў сэрцы цёпла. Хочацца верыць, што гэтаму і паспрыяе наша сустрэча, — прамовіла Вікторыя Дубоўская.
Сямнаццатая па ліку «Калядная кветка» ў чарговы раз нагадала шаркаўчанам аб тым, што няма нічога больш каштоўнага, чым прыгожы падарунак, створаны сваімі рукамі для родных і блізкіх людзей. Незвычайныя рэчы, прадстаўленыя на выставе, лепшае таму пацверджанне. Як і ў мінулыя гады, на «Каляднай кветцы» было вялікае мноства разнастайных работ, аб’яднаных адной тэмай, але розных па каларыту, настрою і тэхніцы выканання. Іх аўтары па чарзе расказвалі, што натхняла кожнага пры стварэнні кампазіцый.
Вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа, ксёндз Генадзь Лаўніковіч, які прысутнічаў на свяце, шчыра і сардэчна павіншаваў вернікаў каталіцкай канфесіі з Нараджэннем Хрыстовым, пажадаў кожнаму цеплыні, любові і спагады.
Працягам мерапрыемства стаў паказ батлеечнай пастаноўкі «Пра цара Ірада», у якой расказваецца пра нараджэнне Ісуса Хрыста.
Пасля таго, як аўтары расказалі пра свае творы, а наведвальнікі ўдосталь налюбаваліся прыгажосцю, у госці завіталі вясёлыя калядоўшчыкі, якія сваімі жартамі і танцамі добра-такі ўзнялі настрой усім прысутным.
Паважаныя чытачы, каб ацаніць творчасць удзельнікаў выставы «Калядная кветка», трэба абавязкова наведаць раённы Цэнтр рамёстваў, дзе экспануюцца гэтыя цудоўныя кампазіцыі, убачыць іх. Супрацоўнікі ўстановы паведамяць пра іх аўтараў і тэхніку стварэння, якая ў некаторых работах не проста складаная, але і нясе глыбокі сэнс, перадае казачную энергію навагодніх свят.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.







