15 студзеня — адметная дата для нашага раёна — спаўняецца 84 гады з дня яго ўтварэння. Нябачна і хутка праляцелі дзесяцігоддзі. Заснаваны перад Вялікай Айчыннай вайной, раён зведаў шмат змен і пераўтварэнняў. Не абышло яго ваеннае ліхалецце, трагічнае рэха якога шмат год было незагойнай ранай у душах і сэрцах шаркаўчан, засталося ў памяці сведкаў тых часоў. Няпроста было людзям, якія паднімалі з руін разбураны народнагаспадарчы комплекс.
Прыгадаем разам некаторыя вытрымкі з гісторыі. На час стварэння раёна ў ім пражывала 27368 чалавек. На землях памешчыкаў створаны два калгасы. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да восені 1944 года аднавілі сваю работу калгасы імя Сталіна і «1-е Мая».
На пачатак 1950 года ў раёне налічвалася 100 калгасаў і адзін саўгас. Праз тры гады калектыўныя гаспадаркі ўзбуйніліся — іх стала 32. У 1955 годзе працавалі раённая бальніца, 3 урачэбныя ўчасткі, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працавала мясцовая прамысловасць: райпрамкамбінат, раймаслапрам, арцель «Чырвоны сцяг». Развіццё атрымала і народная адукацыя. Налічвалася 6 сярэдніх, 21 сямігадовая і 43 пачатковыя школы.
17 красавіка 1962 года раён быў скасаваны і аднавіў сваё існаванне ў 1966 годзе. На гэты час дзейнічалі 27 калгасаў і 4 саўгасы, маслазавод, камбінат бытавога абслугоўвання, прамкамбінат, агародніна-сушыльны завод, сельгастэхніка.
Мы ганарымся, што на нашай зямлі нарадзіліся і звязалі свой лёс з шаркаўшчынскім краем такія знакамітыя людзі як заснавальнік Свята-Успенскай царквы, свяшчэннамучанік Канстанцін Жданаў, дзяржаўны дзеяч Ізраіля Элізер Бэн-Іегуда, этнограф і мастак Язэп Драздовіч, садавод-селекцыянер Іван Сікора, народны артыст СССР Генадзь Цітовіч, народны артыст БССР Павел Дубашынскі, паэты і пісьменнікі Міхась Машара, Герман Кірылаў, Віктар Праўдзін, гісторык Мікола Ермаловіч, фалькларыст Арсен Ліс.
Пра дабрабыт нашага краю і яго людзей у розныя гады клапаціліся першыя сакратары райкама Кампартыі і старшыні райвыканкама: Цімафей Шарыпаў, Вячаслаў Русак, Анатоль Шманцар, Віктар Бядрыцкі, Мікалай Таратута, Анатоль Хрусцель, Іван Цярэшка, Мечыслаў Сезянеўскі, Леанід Клакоўскі, Мечыслаў Морхат, Мікалай Баговіч. Цяпер наш раён узначальвае Дзмітрый Ламака.
Шаркаўчане заўсёды шчыра працавалі і цяпер працуюць на карысць беларускай дзяржаўнасці, працягваючы лепшыя традыцыі старэйшых пакаленняў па захаванні і прымнажэнні іх заваяванняў, забяспечваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё Шаркаўшчынскага раёна.
Фото из открытых источников.

