Сустрэча расіян з кіраўніцтвам нашага рэгіёну была прымеркавана да пяцігоддзя падпісання двухбаковага пагаднення паміж Шаркаўшчынскім раёнам і Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй Смаленскай вобласці. Свае подпісы пад дакументам паставілі Дзмітрый Ламака і Сяргей Крыўка. Тады, каб больш даведацца пра наш раён, яго жыхароў, сацыяльна-эканамічны патэнцыял рэгіёну, расійскія госці наведалі Германавіцкую і Велікасельскую сярэднія школы, цэнтральную раённую бальніцу, прадпрыемства «Камплект-М». У сваю чаргу, шаркаўчане напрыканцы лютага 2019 года пабывалі ў Смаленску.
Чарговым этапам узаемнага супрацоўніцтва стала сустрэча ўдзельнікаў аўтапрабега ў нашым раёне. Аўтапрабег быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праходзіў у межах праекта «Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці». Па яго выніках надрукаваны «Атлас памяці», у якім размешчана інфармацыя аб воінскіх пахаваннях на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. На наступны год мы разам са смаленскімі сябрамі ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта «Пабрацімы гісторыі. Памятаем мінулае, будуем будучае. Новае пакаленне». Расіяне з задавальненнем прынялі наша запрашэнне на ўдзел у фестывалі «Яблычны фэст» у 2021 годзе. Тады старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака і кіраўнік расійскай дэлегацыі Сяргей Крыўка ў межах акцыі «Яблыня міру» пасадзілі яблыню гатунку Памяць Сікоры ў Алашках, а Лужкаўскай бальніцы сястрынскага догляду смаляне падарылі кардыятрэнажор.
Працягам сумеснага супрацоўніцтва стала правядзенне відэаканферэнцый, распрацоўка перспектыўных планаў па краязнаўчым і патрыятычным накірунках і іншае.
На гэтай сустрэчы, якая прайшла ў раённым Цэнтры рамёстваў, акрамя прадстаўнікоў мясцовай улады прысутнічалі кіраўнік і ўдзельнікі народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак». Паэты Міледзій Кукуць і Віктар Лагун прачыталі свае вершы, а расійскім гасцям падарылі зборнікі твораў.
Па аб’ектыўных прычынах смаленскія сябры не змаглі прыняць удзел у фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023», які прайшоў у Шаркаўшчыне 29 верасня мінулага года. Таму для расіян правялі аглядную экскурсію па гарадскім пасёлку з наведваннем раённага Цэнтра культуры, аддзела загс райвыканкама, адміністрацыйных будынкаў раёна электрычных сетак, раёна газазабеспячэння.
Канечным пунктам праграммы прабывання расіян у Шаркаўшчыне стала сярэдняя школа № 1 гарадскога пасёлка. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Міхнёнак, дырэктар школы Ірына Рымдзёнак, настаўнікі і вучні азнаёмілі гасцей з навучальнай установай, расказалі ім пра свае поспехі ўдзелу ў шматлікіх спаборніцтвах, прадметных алімпіядах і конкурсах. Сяргей Крыўка адзначыў той факт, што навучальна-выхаваўчы працэс у школах арганізаваны на высокім узроўні. Вучні прадэманстравалі свае здольнасці ў робататэхніцы, у веданні гісторыі роднага краю. Зацікавіла расіян і тэатралізаваная дзея, у якой вучні прадэманстравалі заняткі і побыт жыхароў Шаркаўшчыны пачатку 20-га стагоддзя. Сяргей Крыўка паабяцаў дапамагчы ажыццявіць экскурсійныя паездкі на завод «Амкадор» для хлопчыкаў і дзяўчынак «STEM-класа». Ён жа прапанаваў арганізаваць прабыванне вучняў у Смаленску і ўдзел іх у расійскім КВЗ. Патрыятычнае выхаванне — адзін з накірункаў дзейнасці школы. Тут створаны і працуе ваенна-патрыятычны клуб «Авангард», якім кіруе настаўнік Алесь Шышко. Расіяне далі высокую ацэнку выхаваўчай рабоце, якую праводзіць з вучнямі педагог.
Сувязі беларускага і рускага народаў маюць глыбокія карані, якія ніхто не ў стане разарваць. У нас агульная гісторыя, агульныя трагедыі і перамогі. Пра гэта трэба заўсёды памятаць, каб зберагчы мір для будучых пакаленняў. Шаркаўчане і смаленскія госці дамовіліся ў хуткім часе аб чарговай сустрэчы, аб узаемных візітах, якія абавязкова пройдуць у бягучым годзе.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

