Сярод тых маладых юнакоў-шаркаўчан, якія з годнасцю выканалі свой воінскі абавязак перад Радзімай, ёсць імя Аляксандра Пугаўкі.
— Я скончыў Велікасельскую васьмігодку і паступіў на далейшае навучанне ў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум імя Сурганава. Марыў у будучым прысвяціць сябе працы на зямлі — стаць аграномам, — успамінае Аляксандр. — Неўзабаве пасля атрымання дыплома з райваенкама прыйшла павестка аб прызыве на тэрміновую службу. Так я трапіў спачатку ў вучэбную танкавую часць пасёлка Печы, што пад Барысавам. Ужо тады ў нас, навабранцаў, з’явілася першае прадчуванне, што на тэрыторыі СССР мы служыць не застанемся. Праз два тыдні накіравалі ў Тэрмез Узбекскай ССР. Далейшы наш шлях ляжаў у Афганістан, дзе ўжо амаль дзевяць год ішлі ваенныя дзеянні.
Служыць давялося ў танкавым узводзе. Разам са сваімі аднапалчанамі мы суправаджалі пад агнявой аховай транспартныя калоны, якія перавозілі тэхніку, боепрыпасы, людзей, прадукты харчавання і іншае. Нярэдка аказваліся пад агнём душманаў. Часта на мінах падрывалася тэхніка. Тады, каб найхутчэй выратаваць людзей, імгненна прыляталі нашы верталёты. На вачах гінулі саслужыўцы, таварышы, якім нават і дваццаці год не было.
З афганскай зямлёй Аляксандр Пугаўка развітаўся ў чэрвені 1988 года. Яшчэ некаторы час наш зямляк служыў у Прыморскім краі.
З вяртаннем на малую радзіму, у вёску Вялікае Сяло, Аляксандр вырашыў назаўсёды застацца тут. Уладкаваўся ў мясцовы калгас, стварыў сям’ю. Разам з жонкай Таццянай выхавалі трох сыноў, цяпер цешаць свае сэрцы маленькай унучкай.
— 35 год мінула з таго часу, як закончылася афганская вайна, — напрыканцы нашай гутаркі сказаў Аляксандр, — але мы ніколі не забудзем тыя суровыя дні, праведзеныя на чужыне, не забудзем імёны нашых загінуўшых таварышаў, якія назаўсёды засталіся ў памяці маладымі юнакамі. Няхай такое больш ніколі не паўтарыцца.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
