У раённай бібліятэцы адбылася чарговая творчая сустрэча. На гэты раз ва ўстанову культуры завітаў член саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік Віктар Праўдзін.
Размова пісьменніка з вучнямі СШ № 1 райцэнтра была цікавай і эмацыянальнай. Віктар Праўдзін з ахвотай адказваў на пытанні: «Ці патрэбны сучаснаму грамадству бібліятэкі?», «На каго з беларускіх пісьменнікаў звяртаць увагу?», «Чаму патрэбна ведаць родную мову і вывучаць гісторыю малой радзімы?». Дыялогу са слухачамі спрыяла сяброўская атмасфера. А яшчэ празаік расказаў аб працы над напісаннем сваіх будучых твораў, рамана-версіі «Непераможны злом». Падзеі ў ім адбываюцца на Віцебшчыне ў 1919 годзе ў час, калі адны ідэалы змяняюцца іншымі. Сюжэт сканцэнтраваны на міжасабовых канфліктах «будаўнікоў» новай улады, паказаных занятымі ў першую чаргу сабой і ўласным узбагачэннем.
У Віктара Праўдзіна асаблівыя адносіны да Шаркаўшчыны, бо яго дзяцінства прайшло ў вёсцы Гарадзец. Успаміны аб тым далёкім часе ляглі ў аснову некаторых апавяданняў.
Напрыканцы сустрэчы пісьменнік падарыў удзельнікам мерапрыемства кнігі з уласным аўтографам.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

