Мясцовая ўлада: узровень і якасць жыцця насельніцтва — усё залежыць ад нас

Общество

Такой мэты ў сваёй рабоце прытрымліваецца старшыня Германавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Мая Якімовіч. А як гэта ўдаецца кіраўніку мясцовай адміністрацыі, мы даведаліся, калі ў чарговы раз наведалі вёскі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета і сустрэліся з мясцовымі жыхарамі.

Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка

Тэрыторыя сельсавета пачынаецца непадалёк ад Шаркаўшчыны — з вёскі Ручай і заканчваецца за вёскай Людвінова, на мяжы нашага і Міёрскага раёнаў. Па стане на 1 студзеня 2024 года на тэрыторыі сельсавета пражывае 1774 чалавекі. Аналіз дэмаграфічнай сітуацыі паказвае, што колькасць насельніцтва змяншаецца па аб’ектыўных прычынах: зніжаецца нараджальнасць і павялічваецца смяротнасць. Аднак гэта не падстава для засмучэння. Як сцвярджае сама Мая Якімовіч, работа і сельскага Савета, і ўсіх размешчаных на яго тэрыторыі арганізацый, прадпрыемстваў і служб накіравана на павышэнне ўзроўню і якасці жыцця вясковых жыхароў.

Пад кантролем — ахова здароўя

Не сакрэт, што ў аграгарадках, вялікіх і малых вёсках пражывае шмат людзей сталага ўзросту. На тэрыторыі Германавіцкага сельсавета іх 30 працэнтаў ад агульнай колькасці. Значыць, медыцынскія паслугі, якія прадастаўляюць мясцовыя ўстановы аховы здароўя, карыстаюцца попытам. А іх якасць для насельніцтва тут адпавядае ўсім патрабаванням. У гэтым мы ўласна ўпэўніліся. Германавіцкая ўрачэбная амбулаторыя аснашчана фізіяапаратурай, ЭКГ-апаратамі, маецца іншае неабходнае абсталяванне. У наяўнасці таксама санітарны транспарт. У мінулым годзе на ўсіх чатырох ФАПах праведзены рамонт, абноўлена мэбля, абсталяванне. Самі медыцынскія работнікі займаюцца не толькі якасным і кваліфікаваным лячэннем, але і праводзяць значную прафілактычную і санітарна-асветніцкую работу сярод насельніцтва

Да патрэб пакупнікоў і падпісчыкаў

Важным фактарам у рашэнні пытанняў жыццядзейнасці з’яўляецца гандлёвае абслугоўванне насельніцтва. На тэрыторыі сельсавета маецца 8 дзяржаўных і прыватных магазінаў. Жыхароў вёсак, дзе няма стацыянарных аб’ектаў гандлю, па вызначаных маршрутах абслугоўваюць аўталаўкі.

У цяперашні час, калі сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё кожнага чалавека, па-ранейшаму не губляе сваёй актуальнасці прафесія паштальёна. Аддзяленні паштовай сувязі размешчаны ў аграгарадку Германавічы, вёсках Сталіца і Зорка. 17 вёсак пераведзены на абслугоўванне матарызаванай дастаўкі, адзін населены пункт абслугоўваецца перасоўным аддзяленнем участка паштовай сувязі.

Своечасова атрымаць і адправіць карэспандэнцыю, аказаць шэраг паслуг жыхарам Германавіч дапамагае паштальён мясцовага аддзялення сувязі Ганна Хаданёнак. Жанчыне кожны дзень трэба абыйсці 100 двароў, даставіць газеты, часопісы, пісьмы, бандэролі, паведамленні і інш. У мінулым годзе за добрасумленную працу Ганна была ўзнагароджана граматай Віцебскага філіяла РУП «Белпошта».

«Правая рука» старшыні сельсавета

Старэйшына — гэта надзейны памочнік кіраўніка сельскага Савета. Як правіла, ён з’яўляецца ініцыятарам і актыўным удзельнікам усіх грамадскіх мерапрыемстваў, праяўляе асобую ўвагу да такіх катэгорый насельніцтва, як ветэраны працы, інваліды, адзінока пражываючыя грамадзяне, аказвае дапамогу ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкавання і інш.

У вёсцы Сталіца старэйшынай з’яўляецца Тамара Хрол. Жанчыну без перабольшвання можна назваць «правай рукой» старшыні сельсавета. Калі да яе звяртаюцца па дапамогу вяскоўцы, яна аператыўна паведамляе пра праблемы Маі Якімовіч і кіраўніку мясцовага сельгаспрадпрыемства Уладзіміру Буду, які, дарэчы, абраны дэпутатам Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання. Пытанні вырашаюцца аператыўна. Напрыклад, у мінулым годзе па ініцыятыве Тамары Хрол і пры яе непасрэдным удзеле былі праведзены работы па ўстаноўцы і афарбоўцы агароджы грамадзянскіх могілак у Сталіцы.

Цэнтр экалогіі ў сельскай школе

У кастрычніку 2016 года на базе Германавіцкай сярэдняй школы быў адкрыты спецыялізаваны экалагічны клас па ўстойліваму выкарыстанню прыродных рэсурсаў «Прырода роднага краю». Дзейнасць яго накіравана на вырашэнне экалагічных праблем, у тым ліку і на зберажэнне ўнікальнай экасістэмы заказніка «Ельня». Пад кіраўніцтвам таленавітага педагога, выкладчыка біялогіі Марыны Фёдаравай вучні з’яўляюцца ўдзельнікамі шматлікіх экалагічных праектаў. Тут наладжана цеснае супрацоўніцтва з Дзісненскім лясгасам, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У самой установе адукацыі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў створана і вядзе сваю дзейнасць школьнае лясніцтва. Вучні на тэрыторыі заказніка «Ельня» праводзяць практычныя заняткі экалагічнага накірунку.

У дзесяці кіламетрах ад Германавіцкай СШ размяшчаецца вёска Буды. На маляўнічым беразе возера Валозева бярэ свой пачатак экалагічная сцежка. Яна мае працягласць 2 кіламетры: ад зоны адпачынку — да выхаду па драўлянаму насцілу ўглыб балота. Тут размешчана назіральная альтанка вышынёй 8 метраў, з якой адкрываецца непаўторны від на заказнік «Ельня». Экалагічны маршрут з кожным годам прыцягвае ўсё большую колькасць жадаючых дакрануцца да гаючай прыроды германавіцкіх мясцін.

 

Зроблена многае, але наперадзе шмат работы

За мінулы год праведзены значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні. Яскравым прыкладам служаць тэрыторыі аб’ектаў сацыяльнай сферы: установы адукацыі, культуры, аховы здароўя. У 2023 годзе за сродкі самаабкладання на суму 993 рублі набыта фарба і праведзены работы па афарбоўцы жалезабетоннай агароджы па вуліцах Савецкая, Драздовіча, Школьная ў аграгарадку Германавічы. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 25 грамадзянскіх могілак, 10 помнікаў воінскай славы і 2 воінскія пахаванні. На пастаяннай аснове праводзяцца работы па скошванні расліннасці на іх тэрыторыі, выдаленні кустоўя і аварыйных дрэў.

У межах падрыхтоўкі да свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» сельсаветам сумесна з сельгасарганізацыяй «Ельня-Агра», а таксама з Германавіцкім лясніцтвам праведзены работы па выдаленні кустарнікавай расліннасці ў вёсках Людвінова, Зорка, Юзэфова, Ручай. Такім чынам, гэтыя населеныя пункты набылі новае прывабнае аблічча.

— А наперадзе нас чакае карпатлівая штодзённая работа, накіраваная на паляпшэнне дабрабыту жыхароў вёсак нашага сельсавета, — упэўнена прамовіла кіраўнік мясцовай адміністрацыі. — Я пераканана, што разам, сумеснымі намаганнямі мы ў стане зрабіць свой маленькі куточак вялікай Беларусі, яшчэ больш прыгожым, утульным для жыцця. Усё залежыць ад нас саміх.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.