Жыхаркі раёна адзначылі чарговыя юбілеі

Общество

На мінулым тыдні надарылася магчымасць трапіць на ўсходнюю ўскраіну раёна, а менавіта ў вёску Уліна Лужкаўскага сельсавета. Нагодай таму стаў юбілей мясцовай жыхаркі Саламеі Пярхальскай, якая сустрэла сваё 95-годдзе.

Жанчына нарадзілася ў далёкім 1929 годзе, хадзіла ў польскую школу. Нават і цяпер, будучы ў сталым узросце, юбілярка выдатна размаўляе і нават спявае на польскай мове песні далёкай маладосці.

Працоўную частку свайго жыцця жанчына прысвяціла былому калгасу «Прагрэс». Спачатку шчыравала на паляводстве, а потым разам з мужам Іосіфам на мясцовай ферме «Уліна» даглядала за цялятамі. Саламея і Іосіф Пярхальскія выхавалі пяць дзяцей, маюць шэсць унукаў і столькі ж праўнукаў.

Цікавым аказаўся той факт, што жанчына пражывае ў доме, якому больш за сто год. Калісьці ў гэтым будынку размяшчалася польская школа, якую на сваіх землях узвёў пан. Шмат часу прайшло з той пары, а будынак і цяпер надзейна служыць людзям.

Павіншаваць Саламею Пярхальскую прыйшлі ў той дзень не толькі дзеці, родныя людзі і суседзі. Да юбіляркі завіталі і прадстаўнікі мясцовай улады. Намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі ўручыў жанчыне Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сельскагаспадарчай галіны. Да віншаванняў далучылася і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак, якая ўручыла юбілярцы букет кветак, выказала словы ўдзячнасці за працу, пажадала жанчыне моцнага здароўя, любові блізкіх і родных людзей.

Непадалёк ад Уліна размяшчаецца вёска Стральцова. У гэтым прыгожым, маляўнічым населеным пункце пражывае Ядзвіга Шыпіла. Жанчына нядаўна адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння. Таму прадстаўнікі раённай улады не змаглі абыйсці сваёй увагай такую дату і завіталі з віншаваннямі ў дом да імянінніцы.

Складаны жыццёвы лёс у маладосці быў у Ядзвігі. Пакахала яна мясцовага хлопца Людвіга. Маладыя пажаніліся, стварылі сям’ю, у якой нарадзілася дачка Ірына. Неўзабаве Людвіга прызвалі на тэрміновую службу ў далёкі Архангельск. Пасля дэмабілізацыі мужчына вырашыў застацца на Поўначы і служыць звыштэрмінова, каб потым і жонку з дачкой перавесці да сябе. Аднак лёс распарадзіўся інакш. У адной з чарговых паездак Людвіг рухаўся на трактары са сваім саслужыўцам па балоце. Дрыгва не вытрымала вагу тэхнікі і трактар патануў разам з людзьмі. На жаль, выратаваць мужчын не змаглі.

Ядзвіга засталася з маленькай дачкой без мужа і таты. Родныя людзі дапамагалі як маглі. Жанчына ўладкавалася на працу ў вясковы магазін. А праз некалькі год Ядзвіга ізноў выйшла замуж, звязала свой лёс з мясцовым жыхаром Алегам. У сям’і нарадзіліся дачушкі-двайняты Ганна і Алена, а крыху пазней на свет з’явіўся сын Міхаіл.

Калі ў Стральцове закрылі магазін, Ядзвіга пайшла працаваць даяркай на ферму «Канавалава», а потым выйшла на заслужаны адпачынак. Цяпер жанчына жыве разам з сям’ёй старэйшай дачкі Ірыны, дапамагае ёй спраўляцца па хатняй гаспадарцы. Непадалёк пражывае Міхаіл, а дочкі Ганна і Алена ў маладосці выехалі ў гарады. Першая жыве ў Оршы, а другая ў Віцебску. Ужо са сваімі дзецьмі яны стараюцца як мага часцей прыязджаць да матулі ў госці, каб падарыць ёй хвіліны радасці і шчасця.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.