Сёння мы адзначаем свята, якое мае асаблівае значэнне для нашай суверэннай дзяржавы, для кожнага яе грамадзяніна — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Слова «канстытуцыя» паходзіць ад лацінскага constitutio — устройства, устанаўленне. У гісторыі існавала нямала правобразаў сучасных канстытуцый, якія рэгулявалі асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, сістэму дзяржаўных органаў, правоў і абавязкаў грамадзян. Такія дакументы прымаліся ў Старажытнай Грэцыі, Рыме, у сярэднявечнай Еўропе і ў новы час. Прызнакі Асноўнага Закона мелі Статуты Вялікага Княства Літоўскага, якія рэгулявалі праваадносіны на нашай зямлі ў 16—18 стагоддзях. Але ўсё ж першай у сучасным разуменні стала Канстытуцыя Злучаных Штатаў Амерыкі, прынятая ў 1787 годзе. У Еўропе першай з’явілася Канстытуцыя Рэчы Паспалітай (3 мая 1791 года), якая дзейнічала непрацяглы час, у тым ліку на частцы тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У савецкі перыяд нашай гісторыі Асноўны Закон прымаўся ў 1919, 1927, 1937 і 1978 гадах. Адзначаць Дзень Канстытуцыі мы пачалі пасля прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь новага аднайменнага дакумента — 15 сакавіка 1994 года. У гэты дзень за яго тэкст прагаласавалі 236 дэпутатаў, супраць — 6, устрымаліся — 8. 28 сакавіка адбылося падпісанне Канстытуцыі, а 30 сакавіка яна ўступіла ў сілу. Гэты дакумент аб’явіў Беларусь унітарнай дэмакратычнай дзяржавай, а таксама прадугледжваў у краіне прэзідэнцкую форму кіравання.
Цяперашняя Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь зменена і дапоўнена па выніках рэферэндумаў 1995, 1996, 2004 і 2022 гадоў.
Захаванне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паважлівыя адносіны да сімвалаў краіны — Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба — патрыятычны абавязак кожнага, хто пражывае на тэрыторыі нашай краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.

