Захапляе гульня са скураным мячом

Молодежь

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на адной са сваіх рабочых нарад закрануў тэму падрыхтоўкі айчынных футбалістаў і пацікавіўся ў цэлым развіццём футбола ў краіне.

Не сакрэт, што ўсе мужчыны ў дзяцінстве бавілі свой вольны час на стадыёнах або проста на тэрыторыях двароў, штурхаючы нагамі скураны футбольны мяч. А ці сябруюць цяперашнія дзеці з гэтым відам спорта? Пра гэта нам расказаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №1 райцэнтра Міхаіл Гарбачоў:

— У нашай краіне Асацыяцыю «Беларуская федэрацыя футбола» ўзначальвае Мікалай Шарснёў. Ён падкрэслівае, што вельмі важна распрацаваць тэхналогію выхавання футбаліста і давядзення яго да спартыўнай дасканаласці. Асабіста я згодзен з кіраўніком дзяржавы, які сказаў, што ў абавязковым парадку трэба адрадзіць тыя лепшыя практыкі і навесці парадак у сістэме падрыхтоўкі футбалістаў. І гэта трэба зрабіць у самы бліжэйшы час.

Безумоўна, трэба ўдасканальваць падыходы і ісці ў нагу з часам. Мы бачым, куды рухаецца свет, куды рухаюцца ў накірунку развіцця футбола ў замежных краінах. Трэба ў адпаведнасці з гэтым усё рабіць так, каб не адставаць. Сістэма, якую створаць у нашай краіне, будзе асноватворнай на многія гады.

Для развіцця духу саперніцтва, паляпшэння якасці падрыхтоўкі і адбору ігракоў, павышэння інтарэса ў людзей да якаснага футбола прынята рашэнне ўжо з сёлетняга сезона ўвесці пастаянны чэмпіянат па ўзростах 12, 13 і 14 год.

У нашай навучальнай установе арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах «Футбол», якім кірую я. Гурток наведваюць 15 чалавек — гэта вучні 3—8 класаў. Заняткі праходзяць двойчы на тыдзень, па дзве гадзіны кожны. Для гурткоўцаў закуплена новая спартыўная форма. Акрамя таго, на базе 1 «В» класа праводзяцца факультатыўныя заняткі «Гуляем у футбол». Першакласнікі, а іх 21 чалавек, з захапленнем наведваюць факультатыў, з дзяцінства атрымліваюць навыкі гульні са скураным мячом.

І сапраўды, калі трапляеш у навучальную ўстанову, здалёк па калідоры даносяцца гукі са спартыўнай залы — гэта вучні з ахвотай штурхаюць нагамі мяч. Хто ведае, магчыма, некаторыя з іх, калі вырастуць, выберуць футбол сваёй прафесіяй. Час пакажа.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.