За сваю шматвекавую гісторыю Беларусь зведала на сабе мноства войн. Кожная з іх пакідала пасля сябе смерць і разруху. Але не было ў нашай гісторыі вайны больш жорсткай і разбуральнай, чым Вялікая Айчынная.
Больш за 9 тысяч беларускіх вёсак былі знішчаны разам з жыхарамі або часткова. 186 з іх так і не адрадзіліся. Усяго за гады акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі правялі на тэрыторыі рэспублікі звыш 140 карных экспедыцый.
Сёння мы ведаем, што трагедыя вёскі Хатынь — гэта адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду беларускага народа.
Прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, жыхары вёсак Іёдскага сельсавета, вучні і настаўнікі Іёдскай сярэдняй школы 22 сакавіка сабраліся на мітынг каля мемарыяла ў аграгарадку Шыці.
У лістападзе 1942 года жыхароў вёсак Кушталі, Куялеўшчына, Свілы, Строна, Трабаўшчына, шматлікіх хутароў напаткала жудасная трагедыя: 15 населеных пунктаў Іёдскага сельсавета былі спалены ворагам разам з людзьмі. 248 мірных жыхароў зажыва згарэлі ў хлявах і адрынах ад рук гітлераўцаў. На брацкай магіле ў Шыцях у 1976 годзе быў адкрыты мемарыял.
— Нам, нашчадкам, завешчана свята берагчы мір на гэтай зямлі, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў. — Сваімі жыццём і свабодай мы абавязаны дзядам і прадзедам, якія на франтах, у партызанскіх злучэннях, у падполлі кавалі доўгачаканую перамогу.
Ад імя маладога пакалення выступіла старшыня Савета працуючай моладзі, настаўніца Іёдскай сярэдняй школы Дзіяна Вялічка.
Калі пачалася цырымонія ўскладання кветак да помніка, у небе з’явіўся жураўліны клін — птушкі з далёкіх краёў вярталіся на радзіму. Кожны з прысутных убачыў у жураўліным курлыканні нешта міфічнае, незвычайнае.
22 сакавіка ўся Беларусь успамінала не толькі жыхароў спаленай Хатыні, але і тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля шчаслівай будучыні нашай сінявокай краіны. На вялікі жаль, у суседняй брацкай Расіі ў той дзень адбыўся жудасны тэрарыстычны акт. Узброеныя бандыты ўварваліся ў вядомую канцэртную залу «Крокус Сити Холл» і адкрылі стральбу з аўтаматаў, учынілі пажар, загінулі мірныя людзі, у тым ліку і наша суайчынніца. У гэтай сувязі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні кіраўніку Расійскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну. Прэзідэнты абедзьвюх краін пацвердзілі гатоўнасць да далейшага актыўнага ўзаемадзеяння па рэагаванні на тэрарыстычныя пагрозы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.