Сёння павышэнню фінансавай адукаванасці дзяцей і падлеткаў надаецца шмат увагі. Правільна распараджацца грашовымі сродкамі неабходна амаль ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці.
Штогод у сакавіку ў краіне праходзіць тыдзень фінансавай адукаванасці для дзяцей і моладзі. Супрацоўнікі ЦБУ № 224 ААТ «ААБ Беларусбанк» наведалі сярэднія школы гарадскога пасёлка. У межах арганізаваных мерапрыемстваў спецыялісты банкаўскай установы абмеркавалі з дзецьмі, як якасна кіраваць сваімі асабістымі фінансамі. З мэтай развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій і рэалізацыі банкаўскіх прадуктаў і паслуг для дзіцячай аўдыторыі, ААТ «ААБ Беларусбанк» сумесна з установамі адукацыі рэалізуюць праект «Картка навучэнца», у рамках якога распрацавана шматфункцыянальная плацёжная картка. Яна аб’ядноўвае ў сабе функцыянальнасць плацёжнай карткі і фінансавы дадатак для запісу інфармацыі, неабходнай установе адукацыі. Гэта значыць, што з дапамогай карткі можна не толькі праводзіць безнаяўныя аперацыі, але і выкарытоўваць яе як доступ ва ўстанову адукацыі, чытальніцкі білет у школьную бібліятэку, праязны дакумент у грамадскім транспарце і інш.
Начальнік аддзела рознічнага продажу ЦБУ № 243 у г. п. Шаркаўшчына рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Святлана Буткевіч у межах тыдня фінансавай адукаванасці сустрэлася з вучнямі Германавіцкай СШ. У пазнавальнай і змястоўнай гутарцы-гульні юнакі і дзяўчаты даведаліся, як трэба эканоміць грошы і ўмела імі распараджацца.
Разам з банкаўскімі работнікамі ў мерпрыемствах па фінансавай адукаванасці прымалі ўдзел і спецыялісты аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Глыбоцкім раёне.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

