Сельскія выканаўчыя камітэты прымаюць непасрэдны ўдзел у вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці жыхароў аграгарадкоў, буйных і маланаселеных вёсак. Ад таго, наколькі цесна наладжана ўзаемадзеянне ў рабоце паміж мясцовай уладай, жыхарамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі, напрамую залежыць дабрабыт грамадзян. Сёння мы раскажам пра Більдзюгскі сельскі Савет.
Сельсавет у лічбах
На тэрыторыі Більдзюгскага сельсавета знаходзіцца 41 населены пункт. Найбольш буйныя з іх — аграгарадкі Більдзюгі, Наваселле, вёскі Каўшэлева і Кубелеўшчына. Усяго ў населеных пунктах зарэгістравана 1375 чалавек. Маладзей працаздольнага ўзросту налічваецца 179 чалавек, працаздольнага — 838, старэй працаздольнага — 358 жыхароў. Сваю дзейнасць тут ажыццяўляюць ААТ «Жвіранка» і «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс», ТАА «ДРЭЎ-ІНВЕСТ», функцыянуе 17 аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, працуе швейны цэх ТАА «Хитч».
Грунтоўныя веды
Більдзюжская СШ — адзіная школа на тэрыторыі сельсавета. Як паведаміў кіраўнік установы адукацыі Мікалай Рубацкі, на цяперашні момант у школе навучаюцца 64 юнакі і дзяўчыны ў адзінаццаці класах-камплектах. Педагагічны калектыў складаюць вопытныя настаўнікі-прафесіяналы. Нягледзячы на той факт, што школа сельская, тут маецца трывалая матэрыяльная база, спартыўная зала, камп’ютарны клас, прасторыя кабінеты, школьныя вучнёўскія майстэрні. У мінулым годзе праведзены частковы рамонт.
На належным узроўні тут наладжаны вучэбна-выхаваўчы працэс. Вучні і настаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, займаюць прызавыя месцы. Напрыклад, яны на працягу некалькіх гадоў з’яўляліся прызёрамі і пераможцамі усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі «Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства». У лістападзе мінулага года і ў пачатку сёлетняга вучань 7 класа Аляксей Хрол прымаў удзел у рэспубліканскім тэлевізійным праекце «Я знаю!». Юнак прадэманстраваў добрыя веды ў шматлікіх сферах жыццядзейнасці, быў запрошаны ў суперфінал. І хоць хлопцу крыху не хапіла балаў, каб заваяваць перамогу, ён з гонарам прайшоў шматлікія этапы віктарыны. У якасці падарунка Аляксею ўручылі дыплом за подпісамі Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца і кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, а таксама каштоўныя падарункі.
Правая рука старшыні сельсавета
Ларыса Шудзель з’яўляецца старэйшынай вёскі Каўшэлева. Яна — сувязное звяно паміж мясцовымі жыхарамі, старшынёй сельсавета і кіраўніцтвам гаспадаркі. Калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні жыццядзейнасці, старэйшына заўсёды ідзе насустрач сваім землякам.
— У цяперашні момант з іншымі вяскоўцамі актыўна займаемся добраўпарадкаваннем свайго населенага пункта, — кажа жанчына. — Пасля зімы выдаляем кустоўе на вуліцах вёскі, праводзім рамонт помнікаў, будзем фарбаваць агароджу.
— Старэйшыны праводзяць значную работу па прыцягненні жыхароў населеных пунктаў да добраўпарадкавання, азелянення вуліц, — далучылася да гутаркі старшыня сельсавета Алена Чарняўская. — Яны аказваюць дапамогу ў рабоце з адзінокімі састарэлымі людзьмі, удзельнічаюць у прафілактыцы правапарушэнняў, прымаюць меры па эфектыўнаму выкарыстанню зямельных надзелаў. Хочацца адзначыць грамадскую працу такіх старэйшын, як Радзівон Махлаеў (в. Запруддзе), Галіна Гарбачонак (в. Галінова), Галіна Ясінская (аг. Більдзюгі), Пётр Траян (в. Забор’е), Васіль Крыўка (аг. Наваселле) і іншыя сумленныя грамадзяне.
Пасля працы — адпачынак
Далёка не ў кожнай сельскай клубнай установе маюцца калектывы з найменнем «народны». А вось у Більдзюгскім СДК такіх ажно два. Ужо 35 гадоў існуе народны фальклорны калектыў «Купалінка», якім нязменна на працягу ўсяго часу кіруе Надзея Вайцюль. Сваіх прыхільнікаў мае і аматарскае аб’яднанне стараверскай кухні, гульні і абрадаў «Стараверскія страпухі». Мясцовыя гаспадыні гатуюць і прапануюць стравы на самы розны густ, займаюцца адраджэннем рэцэптаў сваіх продкаў. Цікавыя вечары адпачынку, тэматычныя канцэрты, тэатралізаваныя дзеі ладзяць спецыялісты Навасельскага сельскага Дома культуры.
Прыхільнікаў друкаванага слова гасцінна запрашаюць Більдзюгская, Навасельская, Каўшэлеўская бібліятэкі. Тут любы жадаючы зможа выбраць для чытання мастацкую і навукова-публіцыстычную літаратуру, ёсць у наяўнасці перыёдыка.
Актыўная і камунікабельная
Гэтыя словы адносяцца да намесніка кіраўніка ААТ «Жвіранка» па ідэалагічнай рабоце, старшыні пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», члена Беларускай партыі «Белая Русь» Зінты Валюшкінай. Не памылюся, калі скажу, што ўсе накірункі ў сваёй грамадскай рабоце ў жанчыны на належным узроўні. З яе, як з ідэалагічнага работніка, бяруць прыклад калегі з іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна. І гэта невыпадкова, бо жанчына працуе ў цеснай сувязі з усімі суб’ектамі гаспадарання, арганізацыямі, установамі, а таксама грамадскімі аб’яднаннямі. У арсенале форм і метадаў ідэалагічнай работы важнае месца надаецца адзіным дням інфармавання насельніцтва, падчас якіх абмяркоўваюцца пытанні стану працоўнай і грамадскай дысцыпліны, выкананне вытворчых паказчыкаў, стану гаспадарчай дзейнасці арганізацыі.
А нядаўна за перамогу ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах за 2023 год ААТ «Жвіранка» ўзнагароджана дыпломам і грашовай прэміяй. І ў гэтым значная заслуга Зінты Валюшкінай — чалавека, які ставіць грамадскія інтарэсы вышэй сваіх асабістых.
Старым ФАПам — новае жыццё
Медыкамі праводзіцца значная работа па аказаніі паслуг у сферы аховы здароўя, забеспячэнні лекамі. На тэрыторыі сельсавета размяшчаюцца 4 ФАПы, у якіх працуюць 3 фельчары. Летась у медустановах праведзены рамонт, закуплена мэбля, іншае неабходнае абсталяванне, добраўпарадкаваны тэрыторыі. Спецыялісты ўстаноў аховы здароўя займаюцца не толькі якасным лячэннем, але і праводзяць значную прафілактычную і санітарна-асветніцкую работу з насельніцтвам. На дадзены момант вакансіі фельчароў маюцца ў Більдзюгскім і Навасельскім ФАПах. У дадзеныя ўстановы аховы здароўя спецыялісты прыязджаюць толькі адзін раз у месяц, што недастаткова для такіх буйных населеных пунктаў.
Наперадзе новыя гарызонты
За мінулы год праведзены значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. За фінансавыя сродкі самаабкладання закуплена фарба, часткова заменены жалезабетонныя агароджы, выдалены аварыйныя дрэвы і кустарнікі, праведзены іншыя работы па добраўпарадкаванні. У межах падрыхтоўкі да святкавання 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праводзіцца касметычны рамонт помнікаў загінуўшым землякам. Сельвыканкам працуе над вырашэннем пытанняў жыццядзейнасці, а гэта, у сваю чаргу, павышае давер грамадзян да органаў дзяржаўнай улады.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.



