Будучыя спецыялісты аграрнай галіны практыкуюцца і ў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Молодежь Общество

Умовы надвор’я не дазваляюць аграрыям весці палявыя работы на поўную моц, але вяскоўцы не сядзяць без справы. Чым яны займаюцца, мы даведаліся, калі наведалі цэнтральныя механічныя майстэрні ААТ «Агратэхсэрвіс».

З самага ранку тут чутны скрыгат такарных станкоў, стук малаткоў, бачны бляск электрагазазваркі. І механізатары, і слесары ў працоўным працэсе.

Падчас вясенняй пасяўной кампаніі ў сельгаспрадпрыемствы накіроўваюцца для праходжання вытворчай практыкі навучэнцы сельскагаспадарчых каледжаў. Будучыя спецыялісты аграрнай галіны практыкуюцца і ў ААТ «Агратэхсэрвіс». Кірыл Рэдзіка займаецца на 1 курсе Ульскага дзяржаўнага каледжа, яго сябар Арцём Абрамаў таксама першакурснік, але вучыцца ў Відзаўскім дзяржаўным каледжы. Самы старэйшы з іх Яўген Зубаў, хлопец займаецца на трэцім курсе Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа. Юнакі з ахвотай на практыцы замацоўваюць тэарэтычныя веды, якія атрымалі ў сваіх навучальных установах. У хуткім часе некаторыя з іх адправяцца на тэрміновую службу, але, як запэўнілі самі хлопцы, абавязкова вернуцца на сваю малую радзіму, бо працу ў сельскай гаспадарцы кожны з іх абраў свядома.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.