Райкам прафсаюза работнікаў АПК кожны месяц падводзіць вынікі раённага спаборніцтва па вытворчасці малака. У ліку лепшых аператараў машынняга даення — Аксана Кухальская з ААТ «Агратэхсэрвіс».
Жанчына з дзяцінства палюбіла жывёлу. Яе маці ў свой час працавала даяркай, таму і Аксана часта хадзіла з ёй на малочнатаварную ферму, дапамагала карміць і даіць кароў.
— Так атрымалася, што я рана выйшла замуж, а пасля заканчэння дэкрэтнага водпуску вырашыла пайсці працаваць на ферму, — кажа Аксана. — Жылі мы ў той час на Міёршчыне. Спачатку кіраўніцтва гаспадаркі прызначыла мяне падменнай даяркай, а ўжо потым далі асобную групу раздою.
Па сямейных абставінах сям’я пераехала ў наш раён, на малую радзіму мужа Юрыя. Некаторы час Аксана працавала аператарам на адкорме буйной рагатай жывёлы на комплексе «Грыгараўшчына». Калі загадчык малочнатаварнай фермы «Ручай» Анатоль Аляхновіч прапанаваў месца аператара машыннага даення на дадзенай МТФ, Аксана дала сваю згоду. Калектыў тут сяброўскі, зладжаны і працавіты.
— На МТФ у нас чатыры асноўныя і адна падменная даяркі, — працягвае жанчына. — Але я стараюся свой гурт кароў не даваць іншым аператарам, бо перажываю за жывёлу, якую вельмі люблю. Усіх сваіх рагуль я ласкава называю дзяўчаткамі, а яны мне заўсёды адгукаюцца. Усяго ў гурце ўтрымліваецца 65 галоў жывёлы, з іх 47 складае дойны статак. Безумоўна, праца даяркі цяжкая, трэба вельмі рана ўстаць і позна легчы, большу частку дня праводзім каля жывёлы. Між тым, хапае і хатніх клопатаў каля ўласнай сядзібы. У нашай сям’і выхоўваюцца трое дзяцей, якім таксама трэба ўдзяліць увагу. Муж Юрый з самага ранку крочыць у механічныя майстэрні, працуе механізатарам. Таму вольнага часу ў нас амаль што няма.
У сакавікуАксана Кухальская ў сярэднім надаіла ад адной каровы 502 кілаграмы малака. Гэты паказчык з’яўляецца трэцім па велічыні ў раёне. Дарэчы, кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак аднойчы сказаў: «Зоймеш, Аксана, першае месца на раённых спаборніцтвах, абавязкова атрымаеш у падарунак ад сельгаспрадпрыемства новы маразільнік!». Жанчына рашуча крочыць да чаканай перамогі, а мы жадаем ёй новых працоўных поспехаў!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

