Мала хто ведае, што ў ААТ «Агратэхсэрвіс» працуе чалавек, які кіруе аўтамабілем больш за 50 год. А завуць гэтага мужчыну Генадзь Гарбачонак.
— Яшчэ падчас тэрміновай службы я стаў вадзіцелем грузавога аўтамабіля, — успамінае Генадзь. — Было гэта ў далёкім 1972 годзе. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую радзіму. Уладкаваўся шафёрам у былы калгас «Герой працы». У 1974 годзе гэта сельгаспрадпрыемства далучылі да суседняй гаспадаркі «Маяк», якую ўзначаліў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносец Іван Гудоўскі.
Спачатку працаваў на аўтамабілі ГАЗ-51, потым на больш мадыфікаваным грузавіку ўсё таго ж Горкаўскага аўтазавода. Апошнія 20 гадоў знаходжуся за рулём ГАЗ-66. У свой час машыну набылі ў адной з воінскіх часцей, пераабсталявалі пад аўтобус, з той пары і каляшу на ім не толькі па пуцявінах сваёй гаспадаркі, але і па дарогах раёна.
— На Мікалаевіча раўняецца моладзь, з яго беруць прыклад іншыя работнікі нашай гаспадаркі, — падкрэсліў дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кавалёнак. — Нягледзячы на паважаны ўзрост, ветэран працы па-ранейшаму застаецца ў страі, прыносіць сваёй плённай працай карысць і гаспадарцы, і сабе.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

