Шаркаўчане да непрадбачаных сітуацый гатовы

Общество

Праверка падрыхтаванасці фарміраванняў грамадзянскай абароны да дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый — галоўная мэта правядзення спаборніцтваў санітарных дружын.

На базе Лужкаўскай сярэдняй школы за званне лепшай спрачаліся 23 каманды з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Наш раён прадставіла санітарная дружына жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Удзельнікаў спаборніцтва віталі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Андрэй Шынкевіч і намеснік начальніка абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях   Андрэй Балтрук. Арганізатары пажадалі канкурсантам справядлівай барацьбы і перамогі.

Конкурс праходзіў у пяць этапаў. На першым журы ацэньвала тэхніку карыстання процівагазам на хуткасць і камплектацыю сумак. На другім этапе працавалі ва ўмовах камбінаванага паражэння, дзе знаходзіліся пацярпелыя людзі з траўмамі рознай ступені складанасці. Некаторым з іх патрабавалася штучная вентыляцыя лёгкіх, прамы масаж сэрца. Участак трэцяга этапа — ачаг хімічнага паражэння. Санітарныя дружыны праводзілі медыцынскую разведку і сарціроўку. Пасля рашэння сітуацыйнай задачы выносілі пацярпелых з ачага хімічнай аварыі ў спецыяльныя аўтамабілі. Чацвёрты этап уключаў тры ўчасткі праверкі практычных навыкаў персанала санітарнага фарміравання пры рабоце ў ачагу інфекцыйнага захворвання. Пяты этап праводзіўся з мэтай вызначэння ўзроўню тэарэтычных ведаў і выяўлення найбольш падрыхтаваных удзельнікаў.

Упартая і справядлівая барацьба, камандны дух, стойкасць і кемлівасць — усё гэта можна было ўбачыць на кожным з этапаў спаборніцтва. Сандружыны прадэманстравалі зладжанасць дзеянняў, віды і ўменне працаваць у экстрымальных сітуацыях. Варта адзначыць, што важную ролю ў спаборніцтвах адыграў строгі судзейскі персанал, які ў выпадку няпоўнага адказу паказваў удзельнікам на недахопы: канструктыўная крытыка дазволіць у будучым удасканаліць навыкі.

Па выніках спаборніцтваў лепшай санітарнай дружынай вобласці стала каманда ААТ «Нафтан» з Наваполацка. Серабро заваявалі прадстаўнікі ААТ «Даламіт» Віцебскага раёна. Каманда філіяла «Лепельскі малочна-кансервавы камбінат» ўвайшла ў тройку прызёраў. Шаркаўчане падзялілі 17 радок турнірнай табліцы з камандай ААТ «Пастаўскі малочны завод». У будучым годзе абласныя спаборніцтвы санітарных дружын плануецца правесці ў Дубровенскім раёне.

Сёння важна разумець, калі кожны грамадзянін адрэагуе на дапамогу людзям, якія аказаліся ў бядзе, то толькі ў гэтым выпадку мы зможам у поўнай ступені стварыць бяспечныя ўмовы жыцця ў нашай краіне.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.