Пры Більдзюгскім сельскім Доме культуры працуе вядомы ў раёне і за яго межамі народны фальклорны калектыў «Купалінка»

Общество

Пры Більдзюгскім сельскім Доме культуры працуе вядомы ў раёне і за яго межамі народны фальклорны калектыў «Купалінка».

Першапачаткова ён быў створаны ў 1989 годзе на базе Каўшэлеўскага Дома фальклору. Нязменным кіраўніком на працягу ўсяго часу з’яўляецца Надзея Вайцюль (на здымку). Многае памянялася за гады працы калектыву: склад удзельнікаў, часткова рэпертуар. Але нязменная засталася любоў самадзейных артыстаў да песеннай спадчыны сваіх продкаў.

Народны калектыў ажыццяўляе шырокую гастрольную дзейнасць. У ліпені «Купалінка» прыняла ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія прайшлі ў Шаркаўшчыне.

— Сёлета ў чарговы раз фальклорны калектыў быў запрошаны ў санаторый «Сосны» Мядзельскага раёна, — расказала кіраўнік «Купалінкі» Надзея Вайцюль. — На беразе маляўнічага возера Нарач мы ажыццявілі пастаноўку тэатралізаванай праграмы «У купальскую ноч». Для гледачоў спявалі беларускія народныя песні, танчылі, запрашалі ў гульні. Потым, сплёўшы вянкі, пусцілі іх па азёрнай гладзі, папярэдне загадаўшы самыя патаемныя мары і жаданні.

Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар» — штогадовае свята, на якім выступілі нашы землякі з Більдзюг. Турнір нацыянальных танцаў «Танчым разам» сабраў амаль 300 пар беларускіх і расійскіх танцораў. Удзельнічалі ў выпрабаванні і тры пары з «Купалінкі» — Уладзімір Чарныш з Ірынай Чарневіч, Славамір Дулінскі з Надзеяй Вайцюль і Генадзь Чарвінскі з Таццянай Блажэвіч. Як вынік, дастойнае выступленне і дыплом за трэцяе месца ў Уладзіміра Чарныша і Ірыны Чарневіч. Гэта вельмі значная перамога для шаркаўшчынскіх самадзейных артыстаў.

Наперадзе ў калектыва шмат новых планаў і задумак, якія яны абавязкова ўвасобяць у жыццё, каб сваёй творчасцю радаваць прыхільнікаў народнага мастацтва.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.