Чарговы сельскагаспадарчы год падыходзіць да свайго завяршэння. З якімі вынікамі яго заканчваюць шаркаўшчынскія аграрыі, расказаў першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Струй.
— Як склаўся 2024 год для працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны нашага рэгіёну?
— На тэрыторыі раёна на сённяшні дзень налічваецца 8 гаспадарак. Працу ў галіне сельгасвытворчасці часта параўноўваюць з працай у адкрытым цаху. Многае залежыць ад умоў надвор’я, клімату паўночнага рэгіёну. Нягледзячы на шматлікія капрызы нябеснай канцылярыі, шаркаўшчынскія аграрыі працуюць на станоўчы вынік. Валавы збор зерневых культур з улікам кукурузы склаў 19093 тоны. Рапсу намалацілі 2050 тон пры сярэдняй ураджайнасці 9,5 цэнтнера з гектара. Валавы збор гэтай культуры павялічыўся ў параўнанні з 2023 годам на 28 працэнтаў. Сельгаспрадпрыемствы «Даватарскі» і імя Маркава намалацілі больш 300 тон рапсу кожная. У першай гаспадарцы ўраджайнасць маслічнай культуры склала 13,2 цэнтнера з гектара.
— Як і ў мінулыя гады, так і сёлета ў сельгаспрадпрыемствах ёсць тысячнікі на жніве. Давайце назавём іх імёны.
— Па выніках уборачнай кампаніі звыш адной тысячы тон зерня намалацілі Юрый Ардынскі з ААТ «Даватарскі», які адправіў у дзяржаўныя засекі 1532 тоны, Яўген Пятрашка з ААТ «Жвіранка» — 1307 тон, Дзмітрый Осіпаў з КУВСП імя Маркава — 1050 тон і Анатоль Грыгаровіч з ААТ «Агратэхсэрвіс» — 1021 тону. Тры вадзіцелі грузавых аўтамабіляў таксама сталі тысячнікамі на жніве. Мікалай Протас з КУВСП імя Маркава перавёз ад камбайнаў 1059 тон зерня, Сяргей Курачкін з ААТ «Агратэхсэрвіс» — 1055 тон і Святаслаў Яцэвіч з ААТ «Жвіранка» — 1048 тон.
— Асноўны грашовы прыбытак гаспадаркі атрымліваюць ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Як ідуць справы ў гэтай галіне?
— Па выніках работы за 10 месяцаў 2024 года па раёне атрымана 24893 тоны малака, што складае 103,4 працэнта да ўзроўню мінулага года. Надой ад адной каровы — 2852 кілаграмы, прыбаўка — 101 кілаграм.
— Пачалося зімова-стойлавае ўтрыманне жывёлы. Колькі гаспадаркі змаглі нарыхтаваць кармоў для БРЖ?
— Сёлета надвор’е станоўча паўплывала на развіццё травастою, асабліва кукурузы. Сельгаспрадпрыемствамі нарыхтавана 8268 тон сена (150 працэнтаў да мінулага года), сенажу — 74246 тон (122,5 працэнта), сіласу — 84041 тона (у 2,2 разы больш мінулагодняга ўзроўню). На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 25,7 цэнтнера кармавых адзінак.
— Наколькі трывалую аснову шаркаўшчынскія аграрыі заклалі пад ураджай будучага года?
— Насенне азімых зерневых культур загорнута ў глебу на плошчы 9104 гектары. На палетках сельгаспрадпрыемстваў у спрыяльныя агранамічныя тэрміны пасеяны пшаніца, ячмень, трыцікале і жыта. Азімы рапс займае плошчу 2592 гектары. На цяперашні момант у гаспадарках вядзецца ўздым зябліва.
— Ці папаўняецца машынна-трактарны парк гаспадарак?
— Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы сельгаспрадпрыемствы набываюць новую тэхніку. Напрыканцы мінулага года ААТ «Буеўшчына», «Ельня-Агра» і «Даватарскі» набылі па аднаму камбайну «Палессе» КЗС-1218. ААТ «Княж» сёлета купіла корманарыхтоўчы камбайн «Палессе» КВК-800. Пакрысе на змену тэхніцы, якая выпрацавала свой рэсурс, прыходзіць новая.
— Што асабіста вы хочаце пажадаць працаўнікам вёскі напярэдадні прафесійнага свята?
— Шчыра дзякую ўсім жыхарам Шаркаўшчынскага раёна, якія працуюць у галіне сельскай гаспадаркі за іх працу на карысць роднага краю. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту. Упэўнены, што ў будучым мы дасягнём больш высокіх вытворчых паказчыкаў.
— Дзякуй за гутарку! Віншуем з надыходзячым святам!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

