Сярод сядзіб вёскі Амбросенкі Іёдскага сельсавета прывабна выглядае дом Рымы Александровіч

Общество

Хоць цяпер і зіма, на клумбах няма шыкоўных кветак, падворак і прылеглая тэрыторыя — у дагледжаным стане.

Гаспадыня шмат гадоў працавала ў галіне сельскай гаспадаркі сельгаспрадпрыемства «Даватарскі», была загадчыкам мясцовай жывёлагадоўчай фермы, цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Вось толькі без справы Рыма Александровіч сядзець, склаўшы рукі, не можа. На працягу пятнаццаці год яна з’яўляецца старэйшынай ў сваіх родных Амбросенках. Жанчына — сувязное звяно паміж вяскоўцамі і кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства. Калі ўзнікаюць пытанні жыццядзейнасці, старэйшына абавязкова ідзе насустрач сваім землякам. Актыўна кантактуе са старшынёй Іёдскага сельскага Савета Іванам Пачкоўскім. Яны вядуць дзелавыя перамовы не толькі па тэлефоне, але і падчас асабістых сустрэч.

Вось і нядаўна старшыня сельсавета прыехаў у вёску, каб пацікавіцца штодзённымі справамі мясцовага насельніцтва. Старэйшына заўсёды раскажа яму пра турботы жыхароў. На думку прадстаўніка мясцовай улады, менавіта такая форма работы з людзьмі прыносіць станоўчыя вынікі.

— У нашай вёсцы пражываюць 20 чалавек, амаль усе пенсійнага ўзросту, — кажа Рыма. — Агульнымі намаганнямі праводзім мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населенага пункта. Сёлета выраўнялі, пачысцілі і пафарбавалі жалезабетонную агароджу на грамадскіх могілках. Праводзім абкос тэрыторыі, выдаляем кустоўе. Па агульнай ініцыятыве добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол паклоннага крыжа ў цэнтры вёскі.

— Рыма Александровіч — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, — падкрэсліў Іван Пачкоўскі. — Яна можа вакол сябе згуртаваць людзей, каб разам выканаць тую або іншую справу па навядзенні парадку на зямлі. Непрыкметна мінуе зіма, з надыходам цёплых вясенніх дзён будзем, як і ў мінулыя гады, праводзіць мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вёскі. У цяперашні час займаемся планаваннем работ, які трэба ажыццявіць у першую чаргу. Жыхароў Амбросенак непакоіць праблема нездавальняючыга стану дарогі з боку Валожынак і непасрэдна ў населеным пункце. Спадзяёмся, што ў будучым годзе пытанні рамонту дарожнага палатна будуць вырашаны станоўча.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.