
У раённай газеце публікаваўся матэрыял пра выставу фотамастака Барыса Беленькага ў Велікасельскай ДС-СШ, якая праходзіла мінулай восенню. Прыемна адзначыць, што супрацоўніцтва паміж школай і мастаком з ізраільскага горада Хайфа працягваецца. Менавіта дзякуючы сяброўству атрымалася прывезці ў школу выставу “Свет вачамі жанчын”, адкрыццё якой прайшло 28 студзеня.
Дырэктар школы Юрый Часлававіч Матуль прывітаў гасцей і расказаў, якім чынам удалося наладзіць выставу, якая мае міжнародны статус. Першая выстава праекта была прысвечана Міжнароднаму жаночаму дню і прайшла ў Хайфе чатыры гады назад. У Велікасельскай школе прадстаўлены работы з чацвёртай па ліку выставы, якія эскпанаваліся ў Хайфе ў 2013 годзе. Трэба сказаць, што ўжо ідзе збор работ для наступнай — пятай. Дасылаць свае работы жанчыны могуць на электронны адрас haifafoto@gmail.com. Дзякуючы сучаснай тэхніцы атрымалася паглядзець, як праходзіла адкрыццё гэтай выставы ў Віцебску, дзе прысутнічалі і некаторыя аўтары работ.
Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ірына Рычардаўна Рымдзёнак паразважала на тэму, ці ёсць асаблівасці ў жаночым поглядзе на свет, у чым яны заключаюцца, і прапанавала гасцям, пазнаёміўшыся з работамі, самім адказаць на гэта пытанне. А больш падрабязна пра аўтараў і іх творы, выступіўшы ў ролі мастацтвазнаўцаў, расказалі вучні.
У выставе прынялі ўдзел аўтары з 10 краін, у тым ліку і з Беларусі. Асаблівасць выставы ў тым, што сярод удзельнікаў ёсць як прызнаныя фатографы, так і тыя, хто толькі спрабуе сябе ў фатаграфіі. Фотаздымкі прадстаўлены розных жанраў: партрэты, пейзажы, замалёўкі і іншае. Сярод мноства здымкаў кожны абавязкова адшукае для сябе цікавае і тое, што спадабаецца.
На адкрыцці выставы прысутнічалі госці з Германавіцкай СШ, Гуркаўскай БШ, прадстаўнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі з Шаркаўшчынскай СШ №2. Дарэчы, прадстаўнікі цэнтра прыехалі не з пустымі рукамі і прадставілі ўвазе наведвальнікаў плён уласнай працы — невялікую выставу дэкаратыўна-мастацкіх вырабаў. А метадыст цэнтра Наталля Сямёнаўна Шакялеўская расказала пра тое, чым якімі відамі творчасці займаюццца яго наведвальнікі.
Выстава будзе праходзіць да 8 сакавіка. Увесь гэты час дзверы Велікасельскай школы адчынены для ўсіх, хто пажадае на свае вочы ўбачыць гэту сапраўды вельмі цікавую выставу. Гасцям тут рады заўсёды.
Андрэй БУРЭЦ, здымкі аўтара.






