Разважлівасць пры рашэнні праблем з’яўляецца вызначальнай рысай характару дырэктара УКП ЖКГ Валянціна Букі

Актуальное

Напэўна, дырэктара УКП ЖКГ Валянціна Францавіча Буку можна аднесці да аднаго з самых занятых у раёне людзей. Працоўны і мабільны тэлефоны ў яго практычна не змаўкаюць, таму пагаварыць з ім на працягу хаця б пяці хвілін немагчыма. І гэта не дзіўна, бо Валянцін Францавіч узначальвае адно з самых вялікіх па колькасці работнікаў і па аб’ёме абавязкаў прадпрыемстваў ў раёне — жыллёва-камунальную гаспадарку. Камунальнікі занятыя ў 14 галінах дзейнасці: рамонт жыллёвага фонду і дарог гарпасёлка, вываз і ўтылізацыя смецця, расчыстка снегу, добраўпарадкаванне, вадаправод і сістэма ацяплення, а таксама шмат іншага. Лягчэй, напэўна, назваць тое, за што ЖКГ не адказвае.
Валянцін Францавіч у 1995 годзе скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва. Пачынаў працоўны шлях прарабам у саўгасе імя Маркава, потым працаваў намеснікам старшыні праўлення па будаўніцтве і тэхнічных пытаннях райспажыўтаварыства, галоўным спецыялістам аддзела ЖКГ, будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама. З 2005 года пачаў працаваць ва УКП ЖКГ, дзе з’яўляўся намеснікам дырэктара па добраўпарадкаванні і жыллёваму фонду. А ў студзені 2009 года быў прызначаны на пасаду дырэктара.
З першых жа хвілін знаёмства з Валянцінам Францавічам адразу кідаецца ў вочы такая рыса яго характару, як спакойная разважлівасць, з якой ён падыходзіць да рашэння праблем. А іх, як перад начальнікам, узнікае вялікае мноства. Сярод галоўных — недахоп сродкаў. Грамадзяне заўсёды прад’яўляюць прэтэнзіі да жыллёва-камунальнай гаспадаркі, не разумеючы, што на ўвесь вялізны аб’ём работ проста не хапае фінансавання, а самі камунальнікі стараюцца рабіць усё ад іх залежнае. Сярод іншых рысаў, якія вызначаюць Валянціна Францавіча як кіраўніка —  уменне арганізаваць і скаардынаваць дзейнасць шматлікага (каля 300 чалавек) калектыву, прафесіяналізм і канструктыўны стыль у рабоце, працавітасць і адказнасць. Усё гэта і дапамагае яму вось ужо на працягу 5 гадоў спраўляцца з абавязкімі на адной з самых няпростых і адказных пасад у раёне.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *