Жыхары раёна, якім сёння 80 і больш год, добра памятаюць перыяд станаўлення і развіцця нашага рэгіёну.
Да іх ліку адносіцца Ганна Таўкінь. Жанчына сваё працоўнае жыццё прысвяціла сельскай гаспадарцы. Пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума атрымала накіраванне ў былы калгас імя Даватара, у адміністрацыі сельгаспрадпрыемства займалася пытаннямі эканомікі. Паралельна з працай набыла вышэйшую адукацыю ў Беларускай сельгасакадэміі, узначальвала Буйкаўскі сельвыканкам. Калі з мужам Чаславам пабудавалі ўласны дом у Шаркаўшчыне, пераехалі ў раённы цэнтр. Ганна некаторы час працавала ў фінансавым аддзеле. Потым з 1986 года і да выхаду на заслужаны адпачынак — эканамістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
— Шмат пытанняў эканамічнага характару трэба было вырашаць аператыўна, — успамінае жанчына. — У раёне ў той час налічвалася 24 калгасы і саўгасы. З кіраўніцтвам, галоўнымі спецыялістамі трэба было знайсці агульную мову, навучыць кожнага правільна весці эканамічную работу ў зададзеным накірунку. Спраўляцца з цяжкасцямі дапамагалі спагадлівыя людзі, старэйшыя калегі, больш вопытныя работнікі. І хоць да позняга прыходзілася затрымлівацца на працы, не лічыцца з уласным часам, дома заўсёды чакаў надзейны тыл — муж Часлаў, дочкі Святлана і Таццяна.
Ганна Таўкінь нядаўна сустрэла юбілейны дзень нараджэння. Жанчыну са знакавай датай у жыцці павіншавалі родныя людзі, завіталі ў гасцінны дом імянінніцы прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў, кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат, старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак. Шмат цёплых слоў у адрас юбіляра было сказана гасцямі. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыў Ганне Таўкінь Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна.
«Спецыяліст старой загартоўкі» — кажуць пра людзей, якія шчыра, сумленна і бездакорна працавалі ў розных сферах, а зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Да гэтай катэгорыі адносіцца і Ганна Таўкінь.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

