Кожны калектыў мастацкай самадзейнасці — гэта асобная гісторыя, старонка ў культурным жыцці нашага раёна. Разам з тым кожны калектыў — гэта шлях самаўдасканалення прафесійнага росту, дасягнення творчых вышынь.
У раённым Цэнтры рамёстваў працуюць 9 калектываў мастацкай самадзейнасці, з іх 6 для дзяцей. Студыя майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Талака» носіць найменне «народны». Кіраўнік установы культуры Вікторыя Дубоўская ў 2018 годзе была ініцыятарам стварэння батлеечнага калектыву.
— Дапамаглі ў той час мае аднадумцы, супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў, — кажа Вікторыя. — Разам майстравалі лялек, шылі ім вопратку, пісалі сцэнарыі міні-пастановак, праводзілі сістэматычныя рэпетыцыі. Спачатку выступалі ў сваёй установе культуры, у дзіцячых садах, потым сталі ажыццяўляць выезды на раён. Калектыў не стаіць на месцы ў сваім творчым развіцці. Працуем над новымі пастаноўкамі, плануем прыняць удзел у конкурсах фестывалях, якія праходзяць на Віцебшчыне.
За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень батлеечнаму калектыву «Скарбонка» Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра рамёстваў рашэннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоена найменне «Народны аматарскі калектыў».
Віншуем землякоў з чарговай высокай прыступкай у развіцці іх творчасці, жадаем не спыняцца на дасягнутым, упэўнена крочыць да новых вяршынь!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.