Тэхніка шаркаўшчынскіх камунальнікаў і работнікі прадпрыемства штодзённа задзейнічаны на добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка.
— Наша задача — падтрымліваць вуліцы і завулкі райцэнтра ў чысціні, — кажа дырэктар УКП ЖКГ Аляксей Клакоўскі. — У час ранішняй «лятучкі» мы абмяркоўваем, куды і якую тэхніку накіраваць для ўборкі тэрыторый, вызначаемся з аб’ёмамі работ. Штодзённа на вуліцах Шаркаўшчыны працуе трактар «Беларус» са спецыяльным прыстасаваннем для збору пылу і рэшткаў пясчана-салянай сумесі.
У адзін з сакавіцкіх дзён брыгада камунальнікаў займалася выдаленнем кустоўя ўздоўж вуліцы Кастрычніцкай. Зладжаная праца сумленных работнікаў дазволіла за светлавы дзень з дапамогай сродкаў малой механізацыі ачысціць адну з цэнтральных вуліц мікрараёна меліяратараў.
2025 год у краіне аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Сёлета гэтаму пытанню надаецца асаблівая ўвага. Разам мы зможам зрабіць свой гарадскі пасёлак, раён яшчэ больш прыгожымі і ўтульнымі для жыцця землякоў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

