Начальнік галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Андрэй Мацюшэнка правёў «прамую лінію» і асабісты прыём жыхароў раёна

Общество

Грамадзян цікавілі адказы на шматлікія пытанні, некаторыя звярталіся з просьбамі дапамагчы знайсці выйсце са складаных жыццёвых сітуацый.
Так, дзве шаркаўчанкі занепакоены неагтыўнай сітуацыяй, у якую трапілі іх спадарожнікі жыцця. Абодва яны займаюцца лячэннем жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах рэспублікі, на што маюць адпаведны дазвол і падпісаныя двухбаковыя дамоўленасці. Адно з сельгаспрадпрыемстваў не разлічылася са спецыялістамі за праведзеную работу.
Жыхары вуліцы Азёрнай з вёскі Сталіца звярнуліся з просьбай пасадзейнічаць у правядзенні рамонту дарожнага палатна, па якім нельга рухацца на аўтатранспарце і веласіпедах.
Мужчына з аграгарадка Радзюкі трымае ўласную пчолапасеку, але апошнім часам сутыкаецца з праблемай рэалізацыі мёду.
Падчас прыёму грамадзян прысутнічаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. Кіраўнік раёна даў грунтоўныя тлумачэнні па шматлікіх узнятых пытаннях. Некаторыя праблемы патрабуюць вывучэння, але ніводнае з пытанняў не застанецца не заўважаным і не вырашаным.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.