Кожны калектыў мастацкай самадзейнасці — гэта асобная гісторыя, старонка ў культурным жыцці Шаркаўшчынскага раёна. Разам з тым кожны калектыў — гэта шлях самаўдасканалення, прафесійнага росту, дасягнення творчых вышынь.
Намеснік дырэктара Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра культуры па народнай творчасці Вікторыя Дубоўская ўзначальвае цэнтр рамёстваў з часу яго адкрыцця ў 2001 годзе. Яна захапляецца пляценнем з саломы, стварае капелюшы, іншыя вырабы. Сама творчы, улюбёны ў сваю справу чалавек, яна аб’ядноўвае вакол сябе такіх жа людзей.
— Наш цэнтр рамёстваў, — расказвае Вікторыя, — з’яўляецца структурным падраздзяленнем раённага Цэнтра культуры і выконвае культурна-адукацыйныя, пошукава-даследчыя, кансультацыйна-метадычныя функцыі. Наша дзейнасць накіравана на захаванне, развіццё і папулярызацыю лепшых народных традыцый. За 24 гады свайго існавання мы прайшлі няпросты шлях развіцця. Сёння наша ўстанова — гэта не толькі майстэрні, але і вучэбны цэнтр, дзе займаюцца дарослыя і дзеці. Узорам для вучэбнай дзейнасці служаць калекцыі знойдзеных падчас экспедыцый прадметаў народнага мастацтва: ручнікоў і іх фрагментаў, маляваных дываноў, посцілак, прадметаў лозапляцення і разьбы па дрэве. На базе майстэрняў цэнтра арганізавана праца гурткоў для дзяцей па наступных відах творчасці: вышыўка, гліняная цацка, вязанне карункаў, аплікацыя з саломкі, саломапляценне, крэатыўнае рукадзелле. Дарослыя пад кіраўніцтвам майстра Ірыны Грунінай асвойваюць тэхніку вышыўкі стужкамі і іншыя віды сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У клубе майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Талака», якім кіруе Святлана Заіка, больш за 30 удзельнікаў. Ён мае статус «народны».
Выставачная зала цэнтра рамёстваў з’яўляецца сапраўдным царствам мастацтва. У нас праходзяць выставы як дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так і творчых работ шаркаўшчынскіх і беларускіх мастакоў. Тут праходзяць святы народнага календара, гульнёвыя праграмы.
Майстры цэнтра рамёстваў — актыўныя ўдзельнікі, лаўрэаты і пераможцы розных раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў, святаў, конкурсаў.
У 2018 годзе Вікторыя Дубоўская была ініцыятарам стварэння батлеечнага калектыву «Скарбонка». Дапамаглі ёй у той час аднадумцы, супрацоўнікі цэнтра рамёстваў. Разам майстравалі лялек, шылі ім вопратку, пісалі сцэнарыі міні-пастановак, праводзілі сістэматычныя рэпетыцыі. Спачатку выступалі ў сваёй установе культуры, у дзіцячых садах, потым сталі ажыццяўляць выезды на раён. Калектыў не стаіць на месцы ў сваім творчым развіцці — працуе над новымі пастаноўкамі.
Нядаўна рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь батлеечнаму гуртку «Скарбонка» прысвоена званне «Народны аматарскі калектыў».
— Я пераканана, што нацыянальная культура з’яўляецца невычэрпнай крыніцай мудрасці, духоўнасці, багатых народных традыцый, той сілай, якая аб’ядноўвае ўсіх беларусаў і напаўняе сэрца любоўю да нашай радзімы, — падкрэсліла Вікторыя Дубоўская.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
