Хлебаробы КУВСП імя Маркава аднымі з першых у раёне пачалі сяўбу яравых культур

Общество Сельское хозяйство

У сельгаспрадпрыемстве імя Маркава аграрыі аднымі з першых у раёне прыступілі да сяўбы зерневых культур.

На загадзя падрыхтаванае поле плошчай 12 гектараў свой трактар «Беларус» МТЗ-1221 з сеялкай «Лемкен» вывеў перадавы механізатар гаспадаркі Аляксандр Кірэй. Мужчына хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не можа здрадзіць сваёй механізатарскай справе, якую палюбіў яшчэ ў дзяцінстве.

— Зімой, калі асноўная частка трактарыстаў была занята працай на жывёлагадоўчых фермах, я займаўся рамонтам сеялкі, — кажа Аляксандр. — Тая, на якой я працаваў шмат сезонаў, вычарпала свой тэхнічны рэсурс. Аналагічную набылі ў ААТ «Буеўшчына». Уласнымі рукамі перабраў два агрэгаты і вясеннюю пасяўную кампанію распачаў у тэрмін.

Каля вёскі Букі, уздоўж цэнтральнай аўтамабільнай дарогі, аграрыі КУВСП імя Маркава пачалі пасяўную з загортвання ў глебу насення аўсу. Пабоч з тэхнікай знаходзілася галоўны аграном Наталля Мацкевіч.

— Клін яравых зерневых па гаспадарцы сёлета зойме плошчу 639 гектараў, — тлумачыць галоўны тэхнолаг палёў. — Плануем пасеяць авёс, ячмень, грэчку, іншыя культуры. Нядрэнна перазімавалі азімыя пшаніца і рапс. У цяперашні час вядзём падкормку гэтых культур.

У час гутаркі з галоўным аграномам чарговы бункер насення аўсу прывёз механізатар Дзмітрый Осіпаў. Сеяльшчык Аляксандр Кірэй заправіў свой «Лемкен» і хутка рушыў на палеткі. Час прыспешвае, пасяўную трэба правесці якасна і ў тэрмін.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.