Развіццё сельскіх населеных пунктаў патрабуе комплекснага падыходу. Мала проста пабудаваць жылы дом ці аб’ект інфраструктуры. Важна, каб радавала вока і навакольнае асяроддзе. Пра добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый мы пагутарылі са старшынёй Германавіцкага сельвыканкама Маяй Якімовіч.
— Як вядома, 2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Якія работы плануецца ажыццявіць на тэрыторыі сельсавета?
— Кожны год мы распрацоўваем план мерапрыемстваў, накіраваных на добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў, тэрыторый арганізацый, устаноў, грамадзянскіх могілак, культавых пабудоў, домаўладанняў. На тэрыторыі сельсавета налічваюцца 54 аграгарадкі, вёскі і хутары, у якіх пражываюць амаль 1700 чалавек. З насельніцтвам, пры непасрэдным удзеле старэйшын, на пастаяннай аснове праводзім гутаркі, падчас якіх тлумачым неабходнасць захавання правілаў цысціні і парадку.
Сёлета ў межах рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!» намі запланава пасадка саджанцаў бярозы ў колькасці 200 штук на ўчастку паміж малочнатаварнай фермай «Германавічы» і вуліцай Школьнай у аграгарадку.
З дапамогай УКП ЖКГ будуць выдалены аварыйныя дрэвы на могілках вёскі Баяры. З удзелам грамадскасці плануецца правесці афарбоўку агароджаў на іншых месцах пахаванняў.
— Сёлета праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя Вялікай Перамогі. На тэрыторыі сельсавета маюцца воінскія пахаванні. У якім яны стане?
— Воінскія пахаванні заўсёды знаходзяцца ў належным стане: адноўленыя помнікі, пафарбаваныя агароджы, у летні перыяд каля іх ідзе абкос расліннасці. Сёлета пасля размоў з мясцовымі жыхарамі і правядзення пошукавых мерапрыемстваў выяўлена пахаванне партызана Рыгора Окунева і яго брата на могілках хутара Маргі, яно датуецца 1944 годам. На могілках вёскі Грыгараўшчына выяўлена пахаванне Івана Слівацкага і трох яго дочак, растраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1944 года. Сёлета тут будуць усталяваны помнікі і агароджы.
— Як ідзе работа па зносе пустуючых дамоў?
— На пастаяннай аснове праводзіцца работа па выяўленні домаўладанняў, у якіх не пражываюць людзі, і якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Іх уласнікам выдаюцца прадпісанні з патрабаваннямі абавязковага навядзення парадку. Калі яны не выконваюцца, прадстаўнікамі сельвыканкама і адпаведных служб складаюцца акты аб зносе пустуючых дамоў. На сённяшні дзень прынята рашэнне аб ліквідацыі 17 такіх домаўладанняў, на 46 — складзены акты.
— Насельніцтва актыўна дапамагае ў справе навядзення парадку на зямлі?
— Безумоўна. У першую чаргу, хачу выказаць словы вялікай удзячнасці старэйшынам вуліц і вёсак. Яны аказваюць значную дапамогу ў справе згуртавання людзей для правядзення той ці іншай работы па добраўпарадкаванні. Ніколі не застаюцца ў баку кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Талакой мы робім нашы населеныя пункты, нашу маленькую радзіму прыгожай і ўтульнай.
Сяргей РАЙЧОНАК.