Па выніках раённага спаборніцтва ў лідарах аператар машыннага даення МТФ «Наваселле» ААТ «Агратэхсэрвіс» Людміла Арлюкевіч

Общество Сельское хозяйство

Аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Наваселле» ААТ «Агратэхсэрвіс» Людміла Арлюкевіч па выніках раённага спаборніцтва за сакавік заняла трэцяе месца.

У гурце, за якім даглядае жанчына, налічваюцца 46 кароў і 22 цялушкі. Сярэдні надой ад адной рагулі за мінулы месяц склаў 529 кілаграмаў малака. Пры гэтым сярэдняя лічба па малочнатаварнай ферме складае 374 кілаграмы.

— На нашай ферме ўтрымліваецца 341 карова, — тлумачыць брыгадзір вытворчай брыгады МТФ «Наваселле» Раіса Вярцінская. — Іх, а таксама цялушак, маленькіх цялятак абслугоўваюць шэсць пастаянных аператараў машыннага даення і адна падменная. Заўсёды ў наяўнасці якасны корм: сена, сілас, сянаж, канцэнтраты. За сакавік валавы надой малака па ферме склаў 127 тон 570 кілаграмаў. А гэта самы высокі паказчык у сельгаспрадпрыемстве.

Немалаважным фактарам у забеспячэнні высокіх надояў з’яўляюцца і адносіны работнікаў фермы да жывёлы. Кожная даярка зацікаўлена ў станоўчых выніках сваёй працы. Напрыклад, Людміла Арлюкевіч. Жанчына працуе ў нас два гады, але за гэты кароткі тэрмін зарэкамендавала сябе са станоўчага боку. Сумленна выконвае свае абавязкі, пільна сочыць за станам жывёлы.

— Я ўпэўнена, што для кожнага аператара машыннага даення важна не толькі колькасць атрыманага малака, але і яго якасць, — кажа жанчына. —  Гэтыя два паказчыкі павінны быць на адным узроўні.

З маленства палюбіла працу ў жывёлагадоўлі. Пасля заканчэння школы стала даяркай у былым калгасе імя Фрунзе. З таго часу прайшло трыццаць гадоў. Па жыццёвых абставінах прыйшлося змяніць месца жыхарства, але любімай справе я не здрадзіла. Па-ранейшаму працую аператарам машыннага даення. Справу сваю вельмі люблю. У нашым невялікім калектыве пануюць сяброўскія адносіны, не бывае спрэчак, наадварот, заўсёды разам выконваем сваю работу.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.