Механізатар адкрытага акцыянернага таварыства «Ельня-Агра» Віктар Мацкевіч адносіцца да кагорты трактарыстаў, якія шмат гадоў сумленна працуюць у сельскай гаспадарцы.
Не вельмі многа механізатараў налічваецца ў сельгаспрадпрыемстве. Сярод іх ёсць і тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але, нягледзячы на ўзрост, не могуць здрадзіць сваёй любімай справе і па-ранейшаму працуюць на карысць акцыянернаму таварыству. Віктар Мацкевіч нядаўна атрымаў пенсійнае пасведчанне. Ветэран працы з вялікім стажам цяпер паўнапраўны пенсіянер. Тым не менш, як сказаў мужчына, свой трактар «Беларус» МТЗ-82 ён не збіраецца пакідаць. Маўляў, яшчэ ёсць сілы і жаданне далей шчыраваць за рулём «сталёвага каня».
Усё працоўнае жыццё Віктара звязана з сельскай гаспадаркай, з роднымі мясцінамі. Ён не толькі старанна кіруе трактарам, але і шмат сезонаў на зернеўборачных камбайнах розных мадэляў і мадыфікацый убіраў збажыну. Неаднаразова перадавы механізатар узнагароджваўся Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта, быў у ліку пераможцаў працоўных спаборніцтваў. Як сказаў сам Віктар, адпачываць яшчэ рана, бо немагчыма здрадзіць механізатарскай справе, якую палюбіў яшчэ ў дзяцінстве.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

