— Гаспадарка наша хоць і невялікая, але на вясну ў хлебаробаў планы значныя, тлумачыць дырэктар сельгаспрадпрыемства, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Якімовіч. — Сёлета трэба пасеяць 747 гектараў яравых культур, з іх 381 га — зерневых і зернебабовых, 46 — яравога рапсу. Не менш 400 гектараў зойме кукуруза. На плошчы 228 гектараў правялі сяўбу шматгадовых траў (100%). У цяперашні момант уносім калій пад яравую сяўбу і пад травы. Завяршылі хімічную праполку азімых зерневых культур. Правялі падкормку азотам азімых зерневых на плошчы 701 га (100%) і азімага рапсу на плошчы 200 га (100%). Гэтымі работамі ў нас займаліся вадзіцель Васіль Якімовіч і механізатар Аляксандр Мацкевіч. Штодзённа вывозіцца і ўносіцца арганіка пад яравую сяўбу.
У дзень нашага наведвання гаспадаркі асноўная частка тэхнікі працавала ва ўрочышчы Пішчалёўка. Пасля прайшоўшага ноччу дожджу рэдакцыйная Ніва з цяжкасцямі пераадольвала ускраек поля. Большасць шляху мы разам з намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце, член Беларускай партыі «Белая Русь» Нінай Буда ішлі пешшу.
— Участкі палёў — самыя аддаленыя ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі, — кажа спецыяліст. — Тэхніка магутная, таму для сучасных трактараў бездараж не з’яўляецца перашкодай. У 60-х—70-х гадах мінулага стагоддзя тут інтэнсіўнымі тэмпамі вялася меліярацыя, пра якую нагадваюць шырокія і глыбокія каналы, рэдкія жалезабетонныя калодзежы. За прайшоўшы час меліясістэма не ў поўнай меры выконвае свае функцыі, таму на палетках бывае шмат вады. Тым не менш, сотні гектараў зямель мы апрацоўваем кожны год. Сеем тут зерневыя культуры, шматгадовыя травы, ажыццяўляем выпас буйной рагатай жывёлы.
Удалечыні мы заўважылі тэхніку. На трактары «Беларус» МТЗ-3022 у счэпе з культыватарам глебу апрацоўваў Іван Шышковіч. Разам з ім аналагічную работу выконваў Алег Урбановіч на трактары «Беларус» МТЗ-1221.
— Перш чым пакласці зерне ў глебу, трэба яе добра выпрацаваць, — кажа Іван. — Гэта дапамагае насыціць яе паветрам, прывесці да патрэбнага балансу ўтрыманне вільгаці. Гэтым мы разам з Алегам і займаемся.
Услед за культыватарамі на агрэгатах КЗР-10 у счэпе з трохметровымі сеялкамі «Лемкен» рухаліся Андрэй Удобкін і Аляксей Малыш. На плячах мужчын самая адказная справа — сяўба. Гэтым яны займаюцца ўжо не адзін дзясятак год. І вясной, і восенню трактарысты загортваюць у глебу зярняткі, каб зашумела спелым калоссем збажына, каб на кожным стале беларуса быў свежы бохан духмянага хлеба.
Механізатары на некалькі хвілін спынілі тэхніку пад запраўку зернем, якое даставіў на поле Дзмітрый Мацкевіч, а яшчэ, каб сфатаграфавацца для раённай газеты, якую сейбіты заўсёды выпісваюць і чытаюць.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.