Катастрофа цалкам змяніла лёсы і жыццё мільёнаў людзей, якія жылі на прасторах былога Савецкага Саюза. Асаблівы цяжар аварыі адчулі на сабе Беларуская і Украінская ССР, РСФСР, на памежжы якіх і размяшчалася атамная электрастанцыя.
Аператыўна фарміраваліся атрады ліквідацыі катастрофы з ліку ваеннаслужачых, пажарных, міліцыянераў і грамадзянскага насельніцтва. Усяго больш за 600 тысяч чалавек за перыяд 1986—1992 гадоў.
- У пачатку мая ў складзе аб’яднанага атрады МУС Віцебскай вобласці на ахову аб’ектаў, якія знаходзіліся ў 30-кіламетровай зоне, накіраваліся супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАУС Расціслаў Качан і Барыс Альшэўскі, — паведаміў нам старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Станіслаў Хашкоўскі. — Пасля на небяспечнай тэрыторыі неслі службу Анатоль Праннік, Аляксандр Александровіч, Часлаў Пугаўка, Леанід Петручэня, Мікалай Мядзюха, Леанід Сіповіч і яшчэ васямнаццаць землякоў, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна.
Валерый Малыш прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.
— У ліпені 1987 года быў сабраны атрад ліквідатараў з Віцебшчыны ў складзе 42 чалавек, — успамінае мужчына. — У мае абавязкі ўваходзіў замер радыяцыі ў вызначаных месцах 30-кіламетровай зоны адчужэння, перазменка дзяжурных на пастах і іншыя абавязкі, якія было даручана выконваць нам, кадравым афіцэрам. Знаходзіўся на Гомельшчыне два месяцы.
Кожны з шаркаўчан, каму была даверана ахова аб’ектаў дзяржаўнай і ўласнай маёмасці ў заражанай радыёнуклідамі зоне, займаючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, праявіў высокую стойкасць і вытрымку, нават нягледзячы на рызыку апраменьвання арганізма. Сёння некаторых з іх, на жаль, няма ў жывых. І хоць прайшоў досыць вялікі адрэзак часу, ліквідатары аварыі на ЧАЭС і зараз знаходзяцца ў цесных сяброўскіх зносінах, аказваюць адзін аднаму ўсебаковую падтрымку.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.