Як ідзе пасяўная ў ААТ «Даватарскі»?

Сельское хозяйство

 

Тэхніка, задзейнічаная на палявых работах, канцэнтруецца ў адным вызначаным месцы, каб пазбягаць стратаў гаручазмазачных матэрыялаў і часу пры яе перагонах.

У дзень нашага візіту ў гаспадарку механізатары працавалі ў аддзяленні Васюкі, на палетках паміж вёскамі Сямёнавічы і Грыблы.

— Работы вядуцца ў комплексе, — тлумачыць намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Алег Перхуровіч. — На дыскаванні глебы задзейнічаны механізатар Аляксандр Драбовіч. Ён працуе на трактары «Беларус» МТЗ-3522 у счэпе з дыскатарам. Далейшую апрацоўку вядуць вопытныя механізатары на энерганасычаных трактарах Алег Палягошка («Кіравец» К-744), Павел Кавалёнак і Ігар Палідавец («Беларус» МТЗ-3022). Яны займаюцца культывацыяй глебы. Мінеральныя ўдабрэнні перад сяўбой уносіць Віктар Жук. Ён, дарэчы, з’яўляецца адным з лідараў у раённым спаборніцтве.

Калі ў пасяўных агрэгатах скончылася зерне, аператыўна пад’ехаў на загрузчыку Юрый Шыдлоўскі. Сонечнае сухое надвор’е не дазваляе прастойваць сейбітам.

— Пасяўная кампанія — гэта час, калі можна атрымаць нядрэнны заробак, — кажа сеяльшчык Сяргей Лук’янскі. — Таму працуем сумленна і старанна.

— Тэхніка ў нас айчыннай вытворчасці, — далучыўся да гутаркі механізатар Яўген Баговіч, — паломкі, калі здараюцца, дзякуючы інжынернай службе, ліквідуюцца аператыўна.

Паля кароткай гутаркі Сяргей і Яўген на сваіх «сталёвых конях» «Беларус» МТЗ-3522 у счэпе з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі АПП-6А рушылі на палеткі.

Як і ў іншых гаспадарках, у ААТ «Даватарскі» клапоцяцца пра будучы ўраджай, таму і працуюць тут старанна, сумленна і з душой.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.