Так можна сказаць пра шэраг сельскагаспадарчых работ, якія штодзённа, без выхадных і святаў, праходзяць у ААТ «Агратэхсэрвіс».
На палетках сельгаспрадпрыемства побач з сучаснай айчыннай тэхнікай працуе нават энерганасычаны трактар савецкай вытворчасці «Кіравец» К-701, якому звыш сарака гадоў. Шчыруе на ім вопытны механізатар Сяргей Кабак.
— Тэхніка ні ў чым не саступае цяперашнім трактарам, — паведаміў механізатар. — Сакрэт яе даўгалецця заключаецца ў своечасовым рамонце і беражлівых адносінах.
Комплекс работ па дыскаванні, культывацыі глебы, сяўбе яравых культур праходзіў за вёскай Папкі. Некалькі адзінак трактараў працавалі на полі, узнімаючы за сабой вялізныя клубы пылу з перасохлай зямлі. Механізатар Віктар Лаўрыновіч стаяў на ўскрайку поля. Прычынай таму стала замена падшыпніка ў культыватары «Кёрлінг».
— Перыядычна тэхніка дае збой, тады патрабуецца замена запасных частак, — кажа Віктар. — Трактар «Кіравец» К-744, на якім працую восьмы сезон, амаль не падводзіць, хоць зрэдку паломкі ў ім маюць месца быць.
Загортваў насенне яравых зерневых у глебу Валерый Фёдараў. За механізатарам замацавана 12-метровая сеялка «Амазон», якая дазваляе засяваць у дзень да ста гектараў плошчаў.
Час падыходзіў да прыёму ежы. На гарызонце з’явіўся мікрааўтобус гаспадаркі, гэта повар Валянціна Рагачэўская прывезла хлебаробам гарачы абед. Дарэчы аказалася і прахалодная мінеральная вада, якую сейбітам прывёз старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат. Падсілкаваўшыся, механізатары завялі рухавікі сваёй тэхнікі і рушылі ў поле. Пасяўная кампанія працягваецца.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.