У завяршальнай стадыі знаходзяцца работы па ўзвядзенні часовай пераправы цераз раку Янку па вуліцы Савецкай у гарадскім пасёлку.
Работнікі і тэхніка дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26 былі задзейнічаны на ўкладцы асфальтабетоннай сумесі.
— Мы з’яўляемся субпадрадчыкамі на дадзеным аб’екце, — тлумачыць дырэктар дарожнай арганізацыі Алег Латышонак. — Усе неабходныя работы па ўладкаванні пад’язных шляхоў да часовай пераправы выканалі ў тэрмін і з захаваннем тэхналогій.
Заказчыкам па капітальным рамонце моста з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва аблвыканкама, а генеральным падардчыкам — філіял «Мостабудаўнічае ўпраўленне № 5» ААТ «Мастабуд».
Заканчэнне капітальнага рамонту намечана на лістапад сёлетняга года. Галоўная задача будаўнікоў — выканаць яго не толькі тэрмінова, але і якасна. Для шаркаўчан важна, каб будучы мост служыў многія дзесяцігоддзі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

