Шаркаўчаніну Дзмітрыю Лабэцкаму было шэсць гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна

Великая Победа Общество

Дзіцячая памяць захавала некаторыя ўспаміны пра той далёкі час.

— Памятаю, як у нашу вёску Чэрасы Міёрскага раёна прыйшлі нямецка-фашысцкія захопнікі, — кажа Дзмітрый Уладзіміравіч. — Некаторыя з іх рухаліся на аўтамашынах, іншыя — на матацыклах або ішлі пешшу. Мы, малыя дзеці, не ўяўлялі, якую пагрозу неслі з сабой на беларускую зямлю гітлераўцы. Вяскоўцы капалі акопы, ад ворага хаваліся ў лясах і балотах. Людзі, чые хаты былі спалены немцамі, часова жылі ў зямлянках. Вельмі жудасны і страшны быў час.

З вяртаннем да мірнага жыцця Дзмітрый скончыў школу, а потым курсы кінамеханікаў у Полацку. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у далёкім 1953 годзе. Па сямейных абставінах разам з жонкай Валянцінай пераехалі ў наш гарадскі пасёлак. Дзмітрый уладкаваўся на працу ў кінатэатр «Радуга», а спадарожніца жыцця — у раённую бальніцу.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Дзмітрый Уладзіміравіч яшчэ шмат гадоў працаваў у Шаркаўшчынскай дзіцячай школе мастацтваў рабочым па комплексным абслугоўванні пабудоў і абсталявання.

Нядаўна мужчына сустрэў 90-годдзе з дня нараджэння. Павіншаваць юбіляра завіталі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі, старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак, прадстаўнікі адміністрацыі Шаркаўшчынскай ДШМ. Намеснік кіраўніка раёна ўручыў імянінніку Падзяку старшыні райвыканкама Дзмітрыя Ламака за шматгадовую добрасумленную працу. Госці павіншавалі юбіляра са знакавай датай у жыцці, пажадалі здароўя і даўгалецця.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.