У мінулым годзе гаспадаркі раёна набылі сеялкі дакладнага высеву для загортвання ў глебу насення кукурузы завода «Лідаграпраммаш». Новая тэхніка другі сезон працуе на шаркаўшчынскіх палетках.
У адкрытым акцыянерным таварыстве «Жвіранка» сучасны агрэгат даверылі механізатару Сяргею Хралу. Сярод іншых трактарыстаў мужчына вылучаецца стараннасцю і высокай адказнасцю. За гады працы ў сельскай гаспадарцы Сяргей авалодаў навыкамі сяўбы, узворвання, падрыхтоўкі глебы, унясення мінеральных удабрэнняў.
— Працую на трактары «Беларус» МТЗ-1221, — кажа механізатар. — Другі сезон заняты на сяўбе кукурузы. Сеялка дакладнага высеву зроблена надзейна і не мае нараканняў па сваіх тэхнічных характарыстыках. Сёлета ў гаспадарцы запланавана загарнуць у глебу насенне «царыцы палёў» на плошчы 750 гектараў. У дзень засяваю не менш 20 га. Пры спрыяльных умовах надвор’я планую завяршыць сяўбу ў аптымальныя тэрміны, каб восенню кукуруза дала высокую ўраджайнасць.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
