Працуе па-за кадрам

Новости Витебщины

Праца касцюмера раённага Цэнтра культуры, на першы погляд, застаецца па-за кадрам у гледачоў падчас мерапрыемстваў, але менавіта ад іх у многім залежыць паспяховасць выступлення артыстаў.

Галіна Талапіла ў сферу культуры прыйшла маючы за плячамі немалы працоўны стаж. Шмат гадоў жанчына з’яўлялася санітарам раённай ветэрынарнай станцыі. А штуршком для жыццёвых перамен у многім з’яўляўся той факт, што яе дачка Жанна і зяць Уладзімір працуюць спецыялістамі раённага Цэнтра культуры.

— Я і раней дапамагала культработнікам у пашыве сцэнічнай вопраткі, — успамінае жанчына, — а калі прапанавалі стаць касцюмерам — дала сваю згоду.

Шаркаўчане, якія прыходзяць у РЦК, у якасці гледачоў наведваюць выступленні самадзейных артыстаў, бачаць, што асобныя выканаўцы, дзіцячыя і дарослыя калектывы заўсёды апрануты ў шыкоўнае адзенне. У гэтым вялікая заслуга Галіны Талапіла. Яна не проста трымае сцэнічную вопратку ў чыстым стане, але і стварае новыя мадэлі.

Намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі ўручыў касцюмеру гаспадарчай службы раённага Цэнтра культуры Галіне Талапіла Падзяку кіраўніка раёна Дзмітрыя Ламака за добрасумленную працу ў сферы культуры, прафесіяналізм, якасную падрыхтоўку сцэнічных касцюмаў для калектываў мастацкай творчасці Шаркаўшчынскага раёна.

Сяргей РАЙЧОНАК