Галоўнай задачай Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм з’яўляецца гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на будаўніцтва, эксплуатацыю і рэканструкцыю аб’ектаў меліярацыі.
— На абслугоўванні нашага прадпрыемства знаходзіцца 68500 гектараў асушаных зямель. З іх 37324 га — у Шаркаўшчынскім раёне, 31176 га — у Пастаўскім, — кажа дырэктар арганізацыі Іван Лазовік. — На сённяшўні дзень штат работнікаў прадпрыемства складае 92 чалавекі: 21 — інжынерна-тэхнічныя работнікі, 16 — трактарысты, 11 — машыністы экскаватара, 14 — вадзіцелі, 21 — рабочыя.
У мінулым годзе былі выкананы работы па тэхнічным наглядзе на меліярацыйных сістэмах нашага і Пастаўскага раёнаў. Юрыдычным і фізічным асобам аказана паслуг на суму амаль 413 тысяч рублёў. З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацыі былі набыты трактар «Беларус» МТЗ-1221, аўтамабіль МАЗ-643, паўпрычэп, шматкаўшовы экскаватар «Амкадор», бульдозер.
З мэтай прыцягнення моладзі вядзецца работа з выпускнікамі школ раёна. Заключаны 7 дамоўленасцей на падрыхтоўку кадраў. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй, Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжам, Глыбоцкім дзяржаўным каледжам. Сёлета пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі на сваё першае месца працы ў Шаркаўшчынскае ПМС размеркаваны спецыяліст.
— У снежні мінулага года мы прыступілі да рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Свабода» ў ААТ «Княж» агульнай плошчай 152 гектары, — расказвае галоўны інжынер арганізацыі Аляксандр Хамініч. — На выкарчоўцы кустоўя працуюць бульдозеры, на прачыстцы каналаў — экскаватары, укладкай дрэнажу займаюцца дзве адзінкі шматкаўшовых экскаватараў. Ужо здалі ў эксплуатацыю першы ўчастак плошчай 49 гектараў. Работнікі сельгаспрадпрыемства пасеялі тут кукурузу. Плануецца завяршыць работы на аб’екце ў снежні сёлетняга года. На аналагічным аб’екце працуюць нашы работнікі і тэхніка ў Пастаўскім раёне.
За эфектыўную арганізацыю работ па культуртэхнічнай меліярацыі на землях сельскагаспадарчых арганізацый за мінулы год і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў генеральны дырэктар прадпрыемства «Віцебскмеліявадгас» Сяргей Самахвалаў уручыў Падзяку Івану Лазовіку. Гэта ў чарговы раз даказвае, што шаркаўшчынскія меліяратары знаходзяцца на дастойным узроўні сярод аналагічных прадпрыемстваў Віцебшчыны.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


