«Хочаш працаваць з прыбыткам для сябе і на карысць гаспадаркі? Працуй сумленна», — упэўнены ў гэтым работнікі сельгаспрадпрыемства «Гарадзец».
Няшмат механізатараў налічваецца на дадзены момант у гаспадарцы. Але тыя, хто не здрадзіў родным мясцінам, шчыруюць сумленна і з аддачай. Некаторыя гавораць, што заробкі ў сельскай гаспадарцы невялікія, маўляў, няма значных аб’ёмаў работ, каб аплата працы была высокай. Адваротнага пунку гледжання прытрымліваюцца механізатары Сяргей Завядзееў і Андрэй Каснікоўскі.
Сяргей заўсёды знаходзіцца на добрым рахунку ў адміністрацыі сельгаспрадпрыемства. Мужчына шмат гадоў працуе на пагрузчыку «Амкадор». У любую пару года на гэтай тэхніцы заўсёды знойдзецца работа. У час корманарыхтоўкі Сяргей перасаджваецца за руль камбайна «Палессе» КВК-800. Тысячы тон сіласнай і сянажнай масы штогод запісвае на свой рахунак перадавы механізатар.
Пасля заканчэння Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа вярнуўся на малую радзіму Андрэй Каснікоўскі. Хлопец у дасканаласці авалодаў кіраваннем рознай тэхнікай. Вясной ён у ліку перадавікоў на сяўбе яравых культур, у час жніва займае лідзіруючыя пазіцыі па намалочаных тонах зерня. Механізатарская справа яму па душы.
Магчыма, каб больш было такіх работнікаў, справы ў КУВСП «Гарадзец» пайшлі б угору. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе так яно і будзе.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.