Так жадаюць хлебаробам сельгаспрадпрыемства «Агратэхсэрвіс» работнікі сталовай сельгаспрадпрыемства.
Амаль 40 порцый штодзённа гатуюць загадчык сталовай Марына Рагачэўская і повар Таццяна Ракітка, каб удосталь накарміць вяскоўцаў.
— Гарачыя абеды мы развозім не толькі на палеткі, дзе працуюць работнікі гаспадаркі, — кажа Марына. — Харчуюцца ў нас будаўнікі, слесары, электрагазазваршчыкі, механізатары і вадзіцелі, якія займаюцца рамонтам тэхнікі ў механічных майстэрнях.
У наяўнасці заўсёды свежыя прадукты: садавіна, гародніна, салодкія напоі. У рацыёне, які мяняецца кожны дзень, прысутнічаюць супы, кашы, мясныя вырабы, стравы з бульбы.
Калі мы наведвалі гаспадарку, тэхніка працавала на палетках каля вёскі Папкі. У вызначаны час пад’ехаў грузапасажырскі аўтамабіль «ГАЗель». Гэта Марына Рагачэўская прывезла гарачы абед для хлебаробаў. Механізатары і вадзіцелі заглушылі рухавікі сваіх трактараў і аўтамабіляў, каб, хуценька падсілкаваўшыся, зноў рушыць у поле.
— Марына гатуе вельмі смачныя стравы, гэта я добра ведаю, — прамовіў механізатар Валерый Фёдараў. — Яшчэ са школьных гадоў памятаю, як яна карміла нас, вучняў, у сталовай Гуркаўскай БШ. Повар яна адмысловы і вельмі добры чалавек.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.