З году ў год брыгада па абкосе каналаў Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці.
— Цяжка выдзеліць каго-небудзь асобнага, бо многія работнікі нашай арганізацыі заслугоўваюць слоў удзячнасці за сваю працу, — кажа дырэктар прадпрыемства Іван Лазовік. — Далёка не кожны механізатар можа праводзіць такі складаны від работ, як абкос меліярацыйных каналаў, а ў Віктара Станюленіса і падначаленых яму трактарыстаў гэта атрымліваецца адмыслова. Да таго ж, за гады працы ён перадае свой вопыт маладым работнікам.
— У нашай справе важна працаваць зладжана, быць адной камандай, — упэўнена кажа Віктар. — Наша брыгада складаецца з чатырох трактароў. Рухаемся адзін за адным, павольна, каб незнарок не трапіць у аварыйную сітуацыю. А іх, дарэчы, у нас не бывае, бо кожны з механізатараў захоўвае правілы аховы працы і тэхніку бяспекі.
Брыгада ў 2023 годзе заняла першае месца ў вобласці, у мінулым — шаркаўчане сталі другімі, крыху саступіўшы сваім міёрскім калегам. Сёлета механізатары ўзнагароджаны граматамі абласнога прадпрыемства «Віцебскмеліявадгас». Нашы землякі паставілі перад сабой мэту не страчваць заваяваных пазіцый, а ўпэўнена трымаць марку лепшых на Віцебшчыне.
Як паведамілі ў прадпрыемстве, сёлета трэба скасіць на тэрыторыі раёна 1100 кіламетраў меліярацыйных каналаў. Віктар Станюленіс разам са сваёй брыгадай з першага дня актыўна ўключыліся ў дадзены працэс.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.