Незвычайную навіну пачулі жыхары Шаркаўшчынскага раёна ў пачатку мая. У статку кароў герыфордаўскай пароды, што належыць сельгаспрадпрыемству «Агратэхсэрвіс», на свет з’явілася маленькае зубраня.
Калі па парадку, то напрыканцы лета мінулага года гэты статак кароў пасвіўся на мяжы з Глыбоцкім раёнам. У адзін з дзён з хмызняку выйшаў унушальных памераў зубр. Не раздумваючы, асілак беларускіх лясоў рушыў да рагуль сельгаспрадпрыемства. Пастухі спачатку адганялі нечаканага госця, але дарэмна, бо той не хацеў пакідаць «новых сяброў». На працягу амаль двух месяцаў зубр пасвіўся разам з каровамі, харчаваўся, пераходзіў з імі з аднаго палетка на другі.
Дырэктар гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак звярнуўся за дапамогай да намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандра Корбута. У выніку было прынята рашэнне перасяліць зубра ў сафары-парк Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».
3 мая сёлетняга года адна з кароў прывяла на свет бычка. Па усіх фізіялагічных прыкметах ён меў падабенства з зубрам: вялікія вочы, рожкі на ілбе, горбік на спіне, густая рудая поўсць і вага каля пяцідзесяці кілаграмаў. Маці (карова), на жаль, не выжыла, яе адправілі на мясакамбінат. А маленькага Султана, як назвалі зубраня, адвезлі ў прафілакторый для нованароджаных цялят на малочна-таварны космплекс «Пашкі», дзе ён утрымліваецца да цяперашняга часу.
— Султан хутка расце, — кажа загадчык МТК Іна Магалінская. — У рацыёне кармлення прысутнічае камбікорм КР-1, але ён не вельмі ахвотна яго ўжывае. Перавагу аддае малаку з мёдам, гэта для жывёлы найсмачнейшы ласунак.
Пакуль дакладна невядомы далейшы лёс Султана. Магчыма, ім зацікавяцца навукоўцы, адпаведныя доследныя арганізацыі для вывучэння новага віду жывёлы.
Тым часам у другім статку разам з каровай пасвіцца яшчэ адно маленькае зубраня. Мінулагодняе знаходжанне разам з рагулямі магутнага звера не прайшло бясследна — на шаркаўшчынскай зямлі з’яўляюцца на свет яго нашчадкі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.