Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня прадстаўнікі райвыканкама павіншавалі са святам жанчын, лёс якіх тым ці іншым чынам трагічна закранула вайна. Выканалі адказную місію дырэктар ТЦСАН Іна Вячаславаўна Прыстаўка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Вера Барысаўна Жук і старшыня раённага Савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава. У Валянціны Юр’еўны Рагачэўскай з Навасельцаў падчас службы ў арміі трагічна загінуў сын, у Зоі Уладзіміраўны Андзілеўка з Лужкоў муж загінуў у Афганістане, а ў Соф’і Аляксандраўны Паляк, якая цяпер знаходзіцца ў аддзяленні кругласутачнага пражывання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева, муж прапаў без звестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўнікі ўлады таксама заехалі да ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Хрысцінні Маісееўны Івановой з вёскі Таўкіні і шаркаўчанкі Тамары Фёдараўны Кабаніхінай, якая ў час вайны была работніцай тылу. Госці ўручалі жанчынам святочныя паштоўкі і кветкі, распытвалі пра ўмовы жыцця, выслухоўвалі просьбы і пажаданні.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.


