Рэспубліканскі праект: хто сапраўдны гаспадар?

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ Молодежь Общество

 

Гэта высвятлялі 11 сем’яў на абласным этапе рэспубліканскага праекта «Уладар сяла», які прайшоў у Шаркаўшчыне.

Па ўмовах конкурсу абласное спаборніцтва прымае той раён, сям’я з якога атрымала перамогу ў мінулым годзе. Летась лепшымі сталі Вішнеўскія — Віталь і Аляксандра з дзецьмі Арсеніем і Ксеніяй.

У пачатку цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. Ён пажадаў канкурсантам вытрымкі, імкнення да перамогі, аптымізму і добрага настрою ад знаходжання на шаркаўшчынскай зямлі.

Арганізатары мерапрыемства, сем’і-канкурсанты ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям Шаркаўшчыны, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У межах першага конкурснага выпрабавання «Хлеб — усяму галава!» у фае райвыканкама дэманстраваліся духмяныя караваі, выпечаныя сем’ямі. Побач актывісты райкама БРСМ ладзілі акцыю «Добрае сэрца» па зборы пісьмовых прыналежнасцей для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Роля маладой сям’і ў станаўленні і развіцці дзяржавы стала асноўнай тэмай, якую абмеркавалі арганізатары і ўдзельнікі падчас дыялогавай пляцоўкі.

Асноўная частка іспытаў прайшла ў парку ААТ «Агратэхсэрвіс». Мужчын чакаў конкурс «Па газоне», дзе кожны з іх, праявіўшы стараннасць і спрыт, скошваў участак з травой. Некаторыя хутка спраўляліся з пастаўленай задачай, іншым было складана касіць шаркаўшчынскае разнатраўе. Журы ўлічвала не толькі хуткасць, але і якасць касьбы. Тым часам жанчыны спаборнічалі ў конкурсе «Купальскі вянок», спляталі прыгожыя лугавыя кветкі.

Судзейскай брыгадзе было складана вызначыць, у якой сям’і атрымаліся самыя смачныя дранікі ў конкурсе «Бліны на калодзе», бо гаспадыні ўклалі свае кулінарныя навыкі і душу ў страву.

Апошнім выпрабаваннем стаў конкурс «Калі ласка, да нас!» Кожная сям’я гасцінна запрашала да сябе членаў журы, расказвала пра свае захапленні, прафесійныя заняткі, працоўныя і творчыя дасягненні, частавала ўласна прыгатаванымі стравамі.

Канкурсанты — бацькі і іх дзеці — прайшлі пяць этапаў. Хтосьці станавіўся лідарам, іншыя крыху саступалі больш мацнейшым сем’ям. Так, у конкурсе «Хлеб — усяму галава!» самы смачнейшы і прыгажэйшы каравай спякла сям’я Літвянковых з Ліёзненскага раёна. Па хуткасці і якасці скошвання травы не было роўных сям’і Хлышчанка з Сенненшчыны. А вось у трох конкурсных этапах «Купальскі вянок», «Бліны на калодзе» і «Калі ласка, да нас!» роўных не было сям’і Мікалая, Вікторыі і іх пяцігадовага сына Андрэя Пашукевічаў з Глыбоцкага раёна. Пасля падвядзення вынікаў менавіта глыбачане па суме набраных балаў атрымалі перамогу. Яны будуць прадстаўляць Віцебшчыну ў фінале праекта ў аграгарадку Александрыя Магілёўскай вобласці.

Нягледзячы на тое, што перамогу атрымала толькі адна сям’я, ніхто з канкурсантаў не застаўся без узнагарод. Дыпломы, каштоўныя падарункі ім уручылі арганізатары мерапрыемства.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.