Дыплом лаўрэата першай ступені абласнога свята-конкурсу самадзейных паэтаў і кампазітараў «Песні сунічных бароў», які праходзіў у Ліёзна, прывезлі ўдзельнікі народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак» раённага Цэнтра культуры.
Шмат твораў роднай Шаркаўшчыне прысвяцілі і зараз ствараюць «світанкаўцы». Гэта людзі рознага ўзросту, розных прафесій, у кожнага свае захапленні, але аб’ядноўвае іх адно — любоў да роднага слова, шаркаўшчынскага краю, Радзімы.
Абласны свята-конкурс у Ліёзна праходзіць раз у два гады. Сёлета ён быў юбілейны — пятнаццаты. Паэты і кампазітары шаркаўшчынскага «Світанка» прымаюць у ім удзел на пастаяннай аснове. Сёлетні год не стаў выключэннем.
Ірына Буднік вылучыла на конкурс аўтарскую песню «Маміна яблыня». Са сцэны свята твор прагучаў у выкананні Алы Клакоўскай. Кампазіцыя не змагла пакінуць членаў журы раўнадушнымі. У выніку Ірына атрымала дыплом за раскрыццё тэмы малой радзімы ў намінацыі «Аўтар песні».
Упершыню на ліёзненскую сцэну трапіла шаркаўчанка Аліна Шынкевіч. Аматарам творчасці нашага раёна жанчына добра знаёма. Аўтарскі верш «Малітва» прагучаў у яе выкананні не толькі для журы, але і для ўсіх удзельнікаў і гасцей свята. Аліна таксама ўзнагароджана дыпломам.
Каля галоўнай сцэны размясціліся падворкі літаратурных аб’яднанняў Віцебшчыны, Гродзеншчыны, завіталі на свята і госці з Расіі. Шаркаўчане разгарнулі «Літаратурны прывал». У па-мастацку аздобленай партызанскай палатцы «світанкаўцы» паказалі быт народных мсціўцаў у гады вайны. Тут ішло друкаванне лістовак, падпольных газет, каля вогнішча гучалі песні, вершы, па рацыі перадавалі апошнія звесткі з франтоў. Шаркаўчане змаглі перадаць той настрой, які панаваў сярод партызан.
— Нам пашчасціла атрымаць перамогу ў конкурсе, — сказала кіраўнік «Світанка» Ала Клакоўская. — Гэта вынік сумеснай работы на творчай ніве як вопытных удзельнікаў калектыву, так і пачынаючых літаратараў. Наперадзе ў паэтаў і пісьменнікаў новыя задумкі і планы, якія абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
