Эканаміст вызначае вектар дзеяння ўсіх работнікаў арганізацыі, расстаўляе прыярытэты так, каб атрымаць максімальны прыбытак.
Сем гадоў працуе на пасадзе эканаміста прадпрыемства меліярацыйных сістэм Рыма Іванова.
— Пасля школы я атрымала кваліфікацыю інжынера-канструктара ў Мінскім тэхналагічным тэхнікуме, — кажа жанчына. — Каля дзесяці гадоў працавала ў камбінаце бытавога абслугоўвання. Інтарэс да прафесіі эканаміста мне прывіла Рэгіна Арэшкава, якая на той час ужо была вопытным работнікам КБА. У многім дзякуючы ёй, я паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, каб атрымаць вышэйшую адукацыю.
— Як прафесіянал сваёй справы, Рыма раскрылася на пасадзе эканаміста ў нашай арганізацыі, — кажа дырэктар ПМС Іван Лазовік. — За плячамі спецыяліста — шматгадовы вопыт работы на адказных пасадах. У 2018 годзе яна працаўладкавалася ў наша прадпрыемства, дзе адразу пачала праяўляць арганізатарскія здольнасці. У хуткім часе дадаткова да асноўнай работы Рыма на грамадскіх пачатках ўзначаліла пярвічную прафсаюзную арганізацыю.
— Многія думаюць, што за работай эканаміста стаяць сухія лічбы, але гэта не так. Дасканала валодаючы імі, можна правесці глыбокі аналіз прадпрыемства і спрагназаваць яго далейшае развіццё. З цягам часу развіваецца аналітычны склад розуму, што дапамагае ў жыцці, — упэўнена жанчына.
А яшчэ Рыма на аматарскім узроўні захапляецца гульнёй у валейбол. Разам са сваімі сяброўкамі, прыхільніцамі здаровага ладу жыцця, праводзіць трэніроўкі ў спартыўнай зале. Па яе словах, камандная гульня вучыць вызначаным камунікацыям паміж людзьмі. А самае галоўнае — станоўча сказваецца на псіхалагічным настроі і фізічным здароўі.
— Хачу павіншаваць людзей, якія прафесійна валодаюць лічбамі, рахункамі, каштарысамі, іншымі фінансавымі дакументамі са святам — Днём эканаміста! Зычу ўсім дабрабыту, адсутнасці памылак у рабоце і, канечне, кар’ернага росту, — сказала напрыканцы размовы Рыма Іванова.
Сяргей РАЙЧОНАК

