Велапрабег: памятаем і ганарымся!

Молодежь Общество

Зорны велапрабег па месцах баявой славы, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, правялі для сваіх вучняў настаўнікі Більдзюжскай СШ Вадзім Казлоўскі і Аляксандр Ластаўка.

На тэрыторыі Шаркаўшчынскага і Міёрскага раёнаў дзеці наведалі месцы воінскіх пахаванняў і населеныя пункты, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны праходзілі ваенныя дзеянні і баі. Маршрут велатурыстаў пралягаў праз населеныя пункты Більдзюгі—Шаркаўшчына—Германавічы—Буды—Стары і Новы Пагост—Більдзюгі.

  • Шмат цікавых гістарычных звестак мы даведаліся пра нашага земляка, Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына, які пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў у Шаркаўшчыне. Разам з дзецьмі пабывалі на месцы яго пахавання, у памятным скверы гарадскога пасёлка і музеі ў сярэдняй школе № 2. Цікавую экскурсію для вучняў правёў настаўнік гісторыі Міхаіл Пугаўка.

Наступным пунктам прызначэння велапаходу стаў аграгарадок Германавічы. Разам з навуковым супрацоўнікам музея імя Язэпа Драздовіча Інай Пучынскай прайшлі шляхамі, дзе адбываліся значныя гістарычныя падзеі, даведаліся аб тым, што вёска вельмі пацярпела ў гады вайны.

Падчас велапрабегу разам з настаўнікамі дзеці пабывалі і ў іншых населеных пунктах нашага і Міёрскага раёнаў, прайшлі па месцах баявой славы, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў і загінуўшых землякоў. Іх памятаюць, імі ганарацца!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.